Багаты на ўраджай сёлета матневіцкі яблыневы сад. Увесь год работнікі Матневіцкай базавай школы-сада даглядалі за садам: абразалі сухія галінкі, касілі траву, бялілі дрэвы. А ў падзяку атрымалі добры ўраджай. Намаганнямі педагогаў і вучняў школы-сада сабрана больш як 8 тон яблыкаў. На выручаныя сродкі, а гэта каля чатырох мільёнаў беларускіх рублёў, набыта неабходная сантэхніка для дзіцячага садка, а таксама газонакасілка, заказаны жалюзі на 14 акон, плануецца набыць спартыўны інвентар.
Работы па зборы яблыкаў будуць яшчэ працягвацца. Радуе тое, што многія вучні з задавальненнем адгукнуліся на просьбу аб дапамозе ў зборы ўраджаю. Такая сумесная работа аб’ядноўвае педагогаў і вучняў школы. Вясёлыя жарты і заўзяты смех дзяцей робяць працэс збору яблыкаў няцяжкім і нястомным.
Прыемна ўсведамляць, што вучні ганарацца сваёй школай і з задавальненнем прымаюць удзел у работах, каб зарабіць сродкі для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. А педагогі ў сваю чаргу зробяць усё магчымае, каб дзеці, пераступіўшы школьны парог 1 верасня, адчулі, як змянілася іх установа, колькі ўтульнасці і цеплыні нясуць сцены роднай школы. А галоўнае, што ва ўсім гэтым ёсць часцінка і іх працы.
Святлана КРЫЎКО,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Матневіцкай базавай школы-сада Чачэрскага раёна.