Бакі адзначаюць важнасць пашырэння гандлёва-эканамічных адносін

- 10:23Інфармацыйная гадзіна

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын выказала гатоўнасць Еўрасаюза зрабіць далейшыя захады па пашырэнні гандлёва-эканамічных адносін з Беларуссю. Аб гэтым яна заявіла на сустрэчы з міністрам гандлю Уладзімірам Калтовічам.

Андрэа Віктарын паведаміла аб распрацаваных Саветам ЕС магчымых мерах, накіраваных на збліжэнне з Рэспублікай Беларусь, у тым ліку аб садзейнічанні ўступленню ў Сусветную гандлёвую арганізацыю і пашырэнні доступу да рэсурсаў еўрапейскіх фінансавых інстытутаў.
Уладзімір Калтовіч адзначыў важнасць Еўрасаюза для Беларусі, які з’яўляецца другім па значнасці пасля Расіі рынкам для беларускага экспарту. У мінулым годзе тавараабарот рэспублікі з краінамі ЕС склаў $14,4 млрд, доля ЕС у агульным аб’ёме экспарту Беларусі — 32,2 працэнта, каля палавіны інвестыцыйнага імпарту краіны прыпадае на долю ЕС.
На сустрэчы абмеркаваны стан і перспектывы развіцця адносін паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам.
Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза запрасіла таксама Уладзіміра Калтовіча прыняць удзел у інвестыцыйным форуме, які пройдзе ў Вене ў красавіку бягучага года.