Удзельнікі рабочай групы па аспектах бяспекі ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне дамовіліся аб развядзенні сіл у двух раёнах, паведаміў спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па Украіне Марцін Сайдзік.
“З задавальненнем хачу адзначыць, што ўсе бакі, у прынцыпе, дасягнулі пагаднення аб развядзенні сіл і сродкаў у двух месцах: Залатое і Пятроўскае. Работа па гэтым пытанні будзе прадоўжана”, — растлумачыў Марцін Сайдзік. Рабочая група па эканамічных пытаннях у асноўным абмяркоўвала тэму аднаўлення чыгуначнай інфраструктуры. Таксама ішла размова аб сацыяльных плацяжах і аб пытаннях уласнасці. “Дыскусія прадэманстравала неабходнасць тэрміновага вырашэння сацыяльных праблем у зоне канфлікту. У прыватнасці, гэта запазычанасць па заработнай плаце перад работнікамі ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей”, — зрабіў акцэнт спецпрадстаўнік АБСЕ.
Пры гэтым у час перагавораў было паведамлена, што пастаўку вугалю з асобных раёнаў Данецкай вобласці на тэрыторыю, падкантрольную ўкраінскаму ўраду, часткова аднавілі. Марцін Сайдзік адзначыў, што гэты аспект вельмі важны для вытворчасці электраэнергіі і ў далейшым неабходна выпрацаваць больш зладжаны механізм перавозак вугалю.
Рабочая група па палітычных пытаннях дэталёва абмеркавала пытанні амністыі і правядзення мясцовых выбараў у асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей.