Бакі рухаюцца не да перамір’я

- 11:48Інфармацыйная гадзіна

Спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны Марцін Сайдзік 4 снежня заявіў, што ствараецца ўражанне, нібыта бакі канфлікту на ўсходзе Украіны рухаюцца ў супрацьлеглым ад мірнага ўрэгулявання напрамку. Такую заяву ён зрабіў па выніках праведзенага ў Мінску чарговага пасяджэння ТКГ.

“Нягледзячы на намаганні ТКГ, напружанасць у зоне канфлікту і вакол яе, на жаль, не змяншаецца. Ствараецца ўражанне, што бакі замест таго, каб шукаць шляхі мірнага ўрэгулявання канфлікту, на самай справе рухаюцца ў супрацьлеглым напрамку. Я вельмі заклапочаны такой сітуацыяй, — сказаў Марцін Сайдзік. — Чарговы раз звяртаюся да бакоў з настойлівым заклікам зрабіць усё неабходнае, каб не дапусціць эскалацыі напружанасці”.

На перагаворах у Мінску ўдзельнікі рабочай групы па бяспецы прадоўжылі разгляд дадатковых мер па забеспячэнні рэжыму спынення агню і падрыхтоўкі да перамір’я ў сувязі з навагоднімі і каляднымі святамі. Эканамічная падгрупа абмяркоўвала тэмы водазабеспячэння і выплаты пенсій. Гуманітарная рабочая група прадоўжыла разглядаць пытанні, звязаныя з абменам асобамі, якія ўтрымліваюцца. Таксама абмяркоўвалася падрыхтоўка да прадугледжанай перадачы затрыманых, не звязаных з канфліктам у АРЛВ і ў АРДВ (асобныя раёны Луганскай і Данецкай абласцей), на падкантрольную ўкраінскаму ўраду тэрыторыю. Палітычная рабочая група прадоўжыла абмен думкамі па традыцыйным парадку — абмяркоўвалася імплементацыя формулы Штайнмаера, амністыя і мадальнасці мясцовых выбараў у АРЛВ і ў АРДВ, прадугледжаныя мінскімі пагадненнямі.