Беларусь рыхтуе для разгляду на летняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ рэзалюцыю аб процідзеянні з’яўленню новых наркотыкаў. Аб гэтым паведаміў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёнай Гіб.
Як адзначыў Уладзімір Андрэйчанка, для беларускіх і брытанскіх парламентарыяў важны абмен думкамі па самых розных тэмах, напрыклад, такіх як барацьба з тэрарызмам, арганізаванай злачыннасцю і незаконнай міграцыяй, процідзеянне распаўсюджванню наркатычных рэчываў. “У нас вельмі шырокае кола пытанняў, будзе магчымасць іх абмеркаваць на сесіі ПА АБСЕ ў Мінску, якая пройдзе 5—9 ліпеня”, — заўважыў спікер.
Паводле яго слоў, Беларусь цяпер якраз рыхтуе рэзалюцыю, якая будзе прапанавана да разгляду ўдзельнікам форуму, які мае адбыцца. Яна атрымала назву “Распрацоўка своечасовых і эфектыўных заканадаўчых, нарматыўных, адміністрацыйных мер рэагавання на з’яўленне новых псіхаактыўных рэчываў”. “Гэта значыць барацьба з наркотыкамі. Тэма вельмі актуальная”, — лічыць старшыня Палаты прадстаўнікоў. Ён выказаў надзею, што брытанскія парламентарыі, якія будуць прымаць удзел у летняй сесіі ў Мінску, актыўна падключацца да абмеркавання гэтай тэмы і падтрымаюць прапанаваную рэзалюцыю.
Уладзімір Андрэйчанка таксама звярнуў увагу, што па стане на раніцу 31 мая для ўдзелу ў 26-й сесіі ПА АБСЕ ўжо зарэгістраваліся 47 дзяржаў, і колькасць краін прадаўжае расці.
У сваю чаргу Фіёна Гіб, размаўляючы з журналістамі па выніках перагавораў у парламенце, прызналася, што для яе гэта першая афіцыйная сустрэча са спікерам Палаты прадстаўнікоў. Паводле слоў дыпламата, абмяркоўваліся шляхі паляпшэння ўзаемаадносін паміж Вялікабрытаніяй і Беларуссю, а таксама пытанні агульнага характару — міжпарламенцкае супрацоўніцтва, перспектывы павелічэння ўзаемнага тавараабароту і магчымасці абмену візітамі.