“Бархатны сезон” завітаў у Мінск

- 10:17Адукацыйная прастора, Рознае

Днямі пад эгідай Міжнароднага педагагічнага клуба на базе мінскіх сярэдніх школ №№ 11 і 115 прайшоў Міжнародны фестываль-конкурс настаўнікаў музыкі “Бархатны сезон — 2016”.

Гэты конкурс сапраўды можна лічыць унікальным. Можна згадаць дзясяткі самых розных музычных конкурсаў, якія ладзяцца для нашых таленавітых дзяцей і адукацыйнымі структурамі, і тэлерадыёкампаніяй, і прыватнымі агенцтвамі… Але каб быў асобны конкурс менавіта для настаўнікаў музыкі, тых людзей, якія рыхтуюць дзетак да выступленняў на дзіцячых творчых спаборніцтвах, — такога, мабыць, і не ўспомніш.

Між тым фестываль-конкурс настаўнікаў музыкі “Бархатны сезон” дзякуючы яго арганізатару прэзідэнту Міжнароднага педагагічнага клуба Аляксандру Кандракову існуе ўжо не адзін год. У розны час ён ладзіўся ў розных рэгіёнах былога СССР, а найчасцей — у Крыме, адкуль Аляксандр Кандракоў родам, які жыве сёння ў Херсоне. “Бархатны сезон”, як правіла, збіраў на адной сцэне ўкраінцаў, беларусаў, расіян. І хоць сёлета ў конкурсе, які завітаў у Мінск, удзельнічалі выключна беларускія, а дакладней, мінскія настаўнікі музыкі, статус міжнароднага арганізатары вырашылі пакінуць, тым больш што журы “Бархатнага сезона — 2016” насамрэч міжнароднае: старшыня, дырэктар фестывалю-конкурсу, прэзідэнт Міжнароднага педагагічнага клуба Аляксандр Кандракоў, прафесар Херсонскага дзяржаўнага ўніверсітэта народная артыстка Украіны Наталля Лялека, прафесар Херсонскага дзяржаўнага ўніверсітэта лаўрэат міжнародных музычных конкурсаў Іна Кісельнікава, дацэнт Херсонскага дзяржаўнага ўніверсітэта заслужаны работнік культуры Украіны Наталля Леўчанка і кіраўнік заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь аркестра “Першацвет” мінскай сярэдняй школы № 13 Віктар Тульвінскі.

На працягу двух кастрычніцкіх дзён у беларускай сталіцы песціўся мяккі і цёплы аксаміт музыкі. На пляцоўцы мінскай сярэдняй школы № 11 разгортваліся святочна-фестывальныя падзеі. Ансамбль народнай музыкі “Медуніца” 11-й школы (кіраўнік Ірына Радзькова) прадставіў гасцям і канкурсантам фрагмент народнага абрадавага свята “Багач”, удзельнікамі якога нечакана сталі і самі госці. Настаўнік музыкі вышэйшай катэгорыі 11-й школы уладальнік прэміі Мінгарвыканкама за абагульненне вопыту па тэме “Сінтэз мастацтваў на ўроках музыкі ў пачатковай школе” Вольга Валадзько правяла адкрыты ўрок з навучэнцамі 4 “Б” класа “Музычныя гульні беларускага народа”. І госці таксама не засталіся ў даўгу: у выкананні Наталлі Лялека, Іны Кісельнікавай і Наталлі Леўчанка прагучалі творы ўкраінскіх кампазітараў, народныя песні, лепшыя ўзоры музычнай класікі. Гэта быў апафеоз прафесіяналізму і майстэрства.

А непасрэдна сам конкурс сабраў на сцэне 115-й мінскай сярэдняй школы больш за 20 удзельнікаў, настаўнікаў музыкі з усіх раёнаў сталіцы, якія спаборнічалі ў вакальных спевах, інструментальным выканальніцтве і сцэнічным мастацтве. Нумары хутка змянялі адзін аднаго, на сцэну выходзілі ўсё новыя і новыя канкурсанты, і штораз на сцэне пражывалася маленечкае жыццё ды разгортвалася цэлая гісторыя… Многія канкурсанты незалежна ад таго, дыпломамі якіх ступеняў іх узнагародзіла журы, потым не хавалі свайго захаплення ад такой вялікай сустрэчы са сваімі калегамі, ад знаёмства з украінскімі майстрамі. Гэтае натхненне абавязкова адгукнецца на іх будучых уроках музыкі ў сваіх родных школах.

Мікола ЧЭМЕР.