Урад рыхтуе комплексны план мерапрыемстваў па развіцці Барысаўскага раёна да 2020 года. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на выязным пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў па пытаннях развіцця Барысаўскага раёна.
“Пытанні і праблемы ёсць, у тым ліку і застарэлыя, якія патрабуюць аператыўнага вырашэння. Усе магчымасці, каб выправіць сітуацыю і выйсці на ўстойлівую траекторыю росту, тут ёсць. Да гэтага пасяджэння ў раёне рыхтаваліся паўтара месяца. Часу дастаткова, каб вызначыцца са стратэгіяй развіцця асобна ўзятага рэгіёна”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.
Паводле слоў прэм’ер-міністра, сёння ёсць сур’ёзныя пытанні да будаўнічага комплексу. У чэрвені гэтага года пры наведванні Барысаўскага хрустальнага завода і “Барысаўжылбуда” былі вызначаны напрамкі развіцця галіны. На прэзідыуме па пытанні сітуацыі на гэтых прадпрыемствах і ў рэгіёне ў галіновым разрэзе выступіў міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны.
Размова таксама ішла аб рабоце, праведзенай па выніках наведвання філіяла “Вялікія Навасёлкі” Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў. Андрэй Кабякоў нагадаў, што раней даручалася выпрацаваць узгодненае рашэнне аб стварэнні ў раёне высокатэхналагічнай аграпрамысловай інтэграцыйнай структуры поўнага цыкла на базе Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў.
“Работа будзе ацэньвацца па канкрэтных выніках, перш за ўсё па дынаміцы паказчыкаў падпарадкаваных арганізацый і раёна ў цэлым. Таму асаблівую ўвагу ў рабоце прашу ўдзяліць мерам па забеспячэнні занятасці, стварэнні высокаэфектыўных рабочых месцаў, дасягненні ўзроўню заработнай платы 1 тысяча беларускіх рублёў”, — звярнуў увагу кіраўнік урада.
Андрэй Кабякоў прапанаваў абмеркаваць праект комплекснага плана мерапрыемстваў па развіцці Барысаўскага раёна на 2017—2020 гады і затым яго дапрацаваць, перш за ўсё дапоўніўшы канкрэтнымі мерамі па праблемных прадпрыемствах. На аснове комплекснага плана кожны рэспубліканскі орган кіравання, Мінскі аблвыканкам і Барысаўскі райвыканкам павінны да 1 верасня падрыхтаваць і зацвердзіць дэталёвыя алгарытмы сваіх дзеянняў.
Прэм’ер-міністр таксама даручыў прааналізаваць работу па ўключэнні ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая не прымяняецца, выкарыстанне транзітнага і транспартна-лагістычнага патэнцыялу Барысаўскага раёна. Акрамя таго, адно з ключавых пытанняў — кадравы патэнцыял. Андрэй Кабякоў даручыў далажыць, якая работа вядзецца па падрыхтоўцы, падборы і расстаноўцы кадраў пад вырашэнне задач, што стаяць перад эканомікай рэгіёна.