Базавыя прынцыпы гандлю, канкурэнцыі дэвальвуюцца

- 11:51Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на пленарным пасяджэнні Усходняга эканамічнага форуму (УЭФ) выступіў супраць пратэкцыянізму, санкцый і палітычнай прадузятасці ў сусветным гандлі, паведамляе ТАСС.

“Свет, глабальная эканоміка сёння ўсё часцей сутыкаюцца з новымі формамі пратэкцыянізму, з рознымі бар’ерамі, якія рэзка абвастрыліся апошнім часам і растуць празмерна. Базавыя прынцыпы гандлю, канкурэнцыі, эканамічная ўзаемавыгаднасць дэвальвуюцца і, на жаль, разбураюцца, становяцца заложнікамі ідэалагічных падыходаў, імгненных палітычных раскладаў”, — заявіў расійскі лідар.

“Бачым у гэтым сур’ёзны выклік для ўсёй глабальнай эканомікі, асабліва для дынамічнага развіцця Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна (АЦР), для яго лідарства”, — падкрэсліў Уладзімір Пуцін. Ён перакананы: “Каб рэгіён мог і далей дабівацца высокіх тэмпаў росту, заставацца ключавым удзельнікам сусветнай эканомікі і гандлю, ён павінен захаваць дух эканамічнай свабоды, быць прасторай дзелавой ініцыятывы — без санкцый, забарон, палітычнай прадузятасці”.

Прэзідэнт Расіі адзначыў: “Запрашаючы замежных партнёраў да сумесных праектаў на Далёкім Усходзе, Расійская Федэрацыя дзейнічае на аснове прагматызму, рацыянальнага сэнсу, узаемнай выгады, хоча, каб расла сумленная канкурэнцыя інвестараў за магчымасць рэалізаваць свае праекты на Далёкім Усходзе Расіі, каб перамагалі лепшыя дзелавыя прапановы, якія прынясуць высокі прыбытак, што з’яўляецца галоўнай мэтай любога бізнесу”.

IV усходні эканамічны форум прайшоў на востраве Рускім 11—13 верасня. Тэма сустрэчы — “Далёкі Усход: пашыраючы межы магчымасцей”. УЭФ у гэтым годзе стаў самым маштабным з моманту правядзення, прыняўшы звыш 5 тысяч гасцей з больш як 60 дзяржаў. 12 верасня прайшла цэнтральная падзея форуму — пленарнае пасяджэнне з удзелам лідараў Расіі, Кітая, Японіі, Рэспублікі Карэя і Манголіі.