Падпісаныя дагаворы і новыя кантакты для пашырэння супрацоўніцтва сталі вынікам удзелу беларускай дэлегацыі ад сістэмы адукацыі ў Форуме рэгіёнаў Расіі і Беларусі, які прайшоў ва Уфе (Расійская Федэрацыя), паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец прыняў удзел у афіцыйных мерапрыемствах і пленарным пасяджэнні. Падчас выступлення на секцыі “Гуманітарнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў галіне адукацыі і маладзёжнай палітыкі” кіраўнік беларускага ведамства падкрэсліў важную ролю Форуму рэгіёнаў: “У кантэксце гарманізацыі нацыянальных сістэм адукацыі ён мае важнае дзяржаўнае і грамадскае значэнне ў жыцці нашых краін, служыць далейшаму развіццю інтэграцыйных працэсаў Беларусі і Расіі, умацаванню і пашырэнню плённага беларуска-расійскага супрацоўніцтва”.
Характарызуючы развіццё ўзаемаадносін паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй у галіне адукацыі, Андрэй Іванец адзначыў іх шматвектарнасць і засяродзіўся на прыярытэтных кірунках, найперш на рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Саюзнай дзяржавы. Міністр перакананы, што ў выкліках, якія дыктуе сучасны свет, надзвычай важна дапамагчы маладым людзям у выбары правільных жыццёвых, маральных, сацыяльных, грамадскіх арыенціраў, заснаваных на захаванні гістарычнай памяці і традыцыйных каштоўнасцях народа.
Двухбаковае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй у сферы маладзёжнай палітыкі рэалізоўваецца ў адпаведнасці з падпісаным пагадненнем і планам сумесных мерапрыемстваў.
“Менавіта ў сумесных мерапрыемствах у поўнай меры праяўляецца гатоўнасць нашай моладзі стаць праваднікамі ідэй саюзнай інтэграцыі, пераняць эстафету ў старэйшага пакалення і актыўна ўкараняць сучасныя інавацыйныя праекты ў розных сферах дзяржаўнага і грамадскага развіцця”, — падкрэсліў Андрэй Іванец.
Другі важны і важкі аспект, на якім спыніўся кіраўнік ведамства, — эфектыўная падрыхтоўка кадраў для галін эканомікі, якая павінна весціся па прынцыпе пераемнасці. У сувязі з гэтым была адзначана неабходнасць актывізацыі работы па гарманізацыі прафесійна-кваліфікацыйнай структуры, узроўняў і ступеней бесперапыннай прафесійнай адукацыі для высокатэхналагічных і навукаёмістых вытворчасцей Беларусі і Расіі.
Яшчэ адзін момант, які быў агучаны на секцыі, — супрацоўніцтва ў сферы навукі. Эфектыўнае навуковае і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва ўніверсітэтаў сістэмы Міністэрства адукацыі ажыццяўляецца з універсітэтамі і арганізацыямі практычна ўсіх рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Штогод праводзіцца больш за 700 сумесных навуковых і навукова-метадычных канферэнцый. Пры гэтым міністр адукацыі звярнуў увагу на значны факт: падтрымка маладых талентаў, стымуляванне іх цікавасці да навуковай дзейнасці з’яўляецца важнай інвестыцыяй у навукова-тэхнічнае развіццё любой краіны.
Выступаючы на секцыйным пасяджэнні па гуманітарным супрацоўніцтве Расіі і Беларусі (“Вынікі дзесяцігоддзя і перспектывы развіцця”), Андрэй Іванец агучыў шэраг прапаноў для выніковай рэзалюцыі.
У прыватнасці, кіраўнік беларускага адукацыйнага ведамства адзначыў неабходнасць істотнай інтэнсіфікацыі развіцця гісторыка-культурнай дзейнасці паміж моладдзю Беларусі і Расіі, напрыклад, наведвання знакавых памятных месцаў. Акрамя таго, Андрэй Іванец засяродзіў увагу на выкарыстанні патэнцыялу ВНУ дзвюх краін.
Сёння больш чым 6 устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі рэалізоўваюць каля 17 адукацыйных праграм Расіі. А патэнцыял беларускай вышэйшай школы шмат у чым не раскрыты з боку студэнтаў з Расіі. 13 тысяч студэнтаў з Беларусі вучацца ў Расійскай Фэдэрацыі. І як заўважыў міністр, Беларусь цалкам гатова на парытэтных пачатках прыняць такую ж колькасць расійскіх студэнтаў.
У трэцім пункце свайго выступлення міністр адукацыі Беларусі абазначыў падтрымку таленавітых маладых навукоўцаў.
“У мінулым годзе на сумеснай калегіі прапрацоўваліся рашэнні па ўстанаўленні прэмій у галіне навукі і тэхнікі Саюзнай дзяржавы для моладзі. Упэўнены, што ў рамках існуючай так званай дарослай прэміі мы можам зрабіць асобную намінацыю для маладых навукоўцаў”, — адзначыў Андрэй Іванец.
На палях форуму адбылася сустрэча міністра адукацыі Беларусі з міністрам навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі Валерыем Фальковым, дзе былі абмеркаваны ключавыя напрамкі ў сферы адукацыі абедзвюх краін. Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў гаварылі пра распрацоўку навукова-тэхнічнай праграмы Саюзнай дзяржавы, абмеркавалі падрыхтоўку высокакваліфікаваных інжынерных кадраў у галіне машынабудавання і адытыўных тэхналогій на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта для прадпрыемстваў і арганізацый Расійскай Федэрацыі.
Акрамя таго, у парадак дня сустрэчы былі ўключаны пытанні правядзення ў 2024 годзе III Рэспубліканскага форуму маладых вучоных устаноў вышэйшай адукацыі (была агучана прапанова запрасіць да ўдзелу маладых навукоўцаў расійскіх устаноў вышэйшай адукацыі) і сумеснага пасяджэння калегій Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях, Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі, Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі ў верасні бягучага года ў Магілёве.
Форум стаў адметным для БДУ, бо ўніверсітэт і расійскія ВНУ падпісалі пяць пагадненняў. Усе дакументы прадугледжваюць абмен навуковай інфармацыяй, студэнтамі і выкладчыкамі, работу над сумеснымі адукацыйнымі, даследчымі праектамі, узаемнае чытанне лекцый, інфармаванне аб праграмах навучання, правядзенне навукова-адукацыйных мерапрыемстваў і выданне сумесных публікацый.
X Форум рэгіёнаў Расіі і Беларусі сабраў больш за 3000 удзельнікаў. Яго тэма — “10-годдзе Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі: вынікі і перспектывы”.
Мерапрыемства з 2014 года праводзіцца пад патранатам Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Яго галоўнымі задачамі з’яўляюцца ўмацаванне міжпарламенцкіх, гандлёва-эканамічных, навукова-адукацыйных, культурных сувязей дзвюх краін, пашырэнне дзелавых кантактаў, развіццё перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва.
Праграма юбілейнага форуму была разнапланавай. Секцыйныя пасяджэнні традыцыйна ахоплівалі шырокі спектр тэм, такіх як гуманітарнае супрацоўніцтва, грамадская дыпламатыя, рэалізацыя адзінай прамысловай і аграрнай палітыкі, турызм, валанцёрства, сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.
Папярэдняя сустрэча падобнага фармату праходзіла ў Гродне і праводзілася з акцэнтам на ўзмацненне ролі міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў паглыбленні інтэграцыйных працэсаў Саюзнай дзяржавы.
Па матэрыялах сайта
Мінадукацыі падрыхтавала
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота БелТА