БелАЭС — шлях да энерганезалежнасці краіны

- 15:12Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Будаўніцтва АЭС дасць магчымасць Беларусі стаць энерганезалежнай рэспублікай, заявіў у эфіры праграмы “Буйным планам” на тэлеканале “Беларусь 1” дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота.

“Атамная электрастанцыя робіць (Беларусь. — Заўв. БелТА.) рэальна не толькі энерганезалежнай, але і энергазбыткоўнай з пункту гледжання электрычнасці. Потым многія вытворчасці можна проста перавесці на электрычнасць”, — сказаў Рыгор Рапота.

Паводле яго слоў, цяпер робіцца ўсё магчымае, каб не было ніякага сумнення ў тым, што гэтая станцыя будзе пабудавана на высокім прафесійным узроўні пад кантролем міжнародных арганізацый. Гаворачы аб нядаўнім інцыдэнце, дзяржсакратар адзначыў, што памылкі бываюць ва ўсім, галоўнае іх своечасова і правільна выправіць. “Я меў магчымасць размаўляць, з кіраўніцтвам “Расатама” і яны вельмі адказна да гэтых рэчаў ставяцца”, — сказаў Рыгор Рапота і дадаў, што тэхнічны прагрэс не спыніць — атамная энергетыка будзе развівацца. Важна зрабіць яе максімальна бяспечнай.

Разважаючы аб перспектыве ўвядзення адзінай візы Саюзнай дзяржавы, дзяржсакратар адзначыў: “Ёсць даручэнне аб складанні дарожнай карты па вырашэнні гэтага пытання, цяпер — у прапрацоўцы экспертаў Расіі і Беларусі на ўзроўні міністэрстваў замежных спраў”. Такая адзіная віза, паводле яго слоў, “спрашчае ўзаемаадносіны са знешнім светам”, але ў той жа час не адмяняе для Беларусі і Расіі наяўнасць нацыянальных віз.