Беларусь атрымала права правядзення другіх Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе

- 10:39Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Рашэнне прынята па выніках галасавання на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК).

Беларусь атрымала такое права большасцю галасоў. У найбліжэйшы час Беларусі трэба стварыць арганізацыйны камітэт і ў цесным супрацоўніцтве з адпаведнымі камісіямі ЕАК скласці планы па падрыхтоўцы спартыўнай падзеі.

Першыя Еўрапейскія гульні прайшлі з 12 па 28 чэрвеня 2015 года ў сталіцы Азербайджана. Беларускія атлеты заваявалі 43 медалі: 10 залатых, 11 сярэбраных і 22 бронзавыя. У медальным заліку зборная Беларусі заняла сёмае месца.

Генеральная асамблея Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў праходзіць у Мінску з 20 па 22 кастрычніка. У першы дзень адбылося пасяджэнне Выканаўчага камітэта ЕАК і прэзентацыя новага лагатыпа асацыяцыі. Асноўныя мерапрыемствы праходзяць у штаб-кватэры НАК Беларусі ў Зале алімпійскай славы 21—22 кастрычніка. У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета адбыўся ўрачысты вечар, прысвечаны 25-годдзю з моманту заснавання Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.

Удзел у 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў прыняў і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

У час выступлення ён заявіў, што выступае за спорт без межаў і без візавых фармальнасцей.

“Нашым прыярытэтам павінен стаць спорт без межаў. Прычым для ўсіх: спартсменаў, трэнераў, простых балельшчыкаў і аматараў спорту”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што з кожным годам розныя трансгранічныя лёгкаатлетычныя і велапрабегі пашыраюць кола сваіх удзельнікаў. У Беларусі ўсяляк вітаюць правядзенне спартыўных мерапрыемстваў, арганізатарамі якіх выступаюць некалькі краін, — гэта дае магчымасць умацоўваць супрацоўніцтва і аператыўна вырашаць праблемныя пытанні.

“Прапаноўваем у рамках ЕАК фарміраваць штогадовы еўрапейскі каляндар такіх міжнародных спартыўных мерапрыемстваў, уключаючы масавыя. Неабходна для іх удзельнікаў, спартсменаў і балельшчыкаў істотна спрасціць візавыя, пагранічныя і мытныя фармальнасці, аж да іх адмены — гэта дасць магчымасць прыцягнуць значна большую аўдыторыю”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

На пасяджэнні Генеральнай асамблеі ЕАК Аляксандру Лукашэн ку ўручылі залаты ордэн Міжнароднай федэрацыі бокса. Узнагарода ўручаецца кіраўнікам дзяржаў за асаблівыя заслугі ў папулярызацыі спартыўнага і алімпійскага руху, а таксама ў знак прызнання самаадданасці справе развіцця бокса на міжнародным і нацыянальным узроўнях.

Падчас выступлення кіраўнік нашай дзяржавы таксама падкрэсліў, што дзейнасць Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) павінна быць больш празрыстай. “Па-ранейшаму востра стаяць пытанні барацьбы з допінгам. Беларусь — за чысты спорт. Але калектыўная адказнасць — не лепшы метад. Адхіленне цэлых каманд і краін ад удзелу ў гульнях неапраўдана і контрпрадукцыйна, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. — Пакаранне за парушэнне павінна быць кропкавым і непазбежным, а не ўсеагульным і паспешным. Правы сумленных спартсменаў павінны быць у аснове”.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Беларусі вітаюць намаганні Міжнароднага алімпійскага камітэта па рэфармаванні сусветнай антыдопінгавай сістэмы. “Большая празрыстасць дзейнасці WADA, уключанасць у работу большай колькасці краін дасць магчымасць пазбегнуць многіх злоўжыванняў і павысіць эфектыўнасць работы”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што такі працэс не можа быць кулуарным. “Рэгіянальныя асацыяцыі алімпійскіх камітэтаў павінны стаць пляцоўкамі для выпрацоўкі прапаноў па павышэнні надзейнасці гэтай сістэмы. І Еўрапейскія алімпійскія камітэты проста абавязаны адыгрываць адну з вядучых роляў. Мы гатовы актыўна ўключыцца ў такую работу”, — сказаў беларускі лідар.

Таксама Аляксандр Лукашэнка прапанаваў ЕАК распрацаваць праект па дадатковай адукацыі спартсменаў, якія завяршылі кар’еру.

“Нас у Беларусі хвалюе лёс спартсменаў, якія завяршаюць кар’еру. Спартыўнае жыццё атлетаў у большасці выпадкаў кароткае. Сёння ты чэмпіён, а заўтра тваё месца ў загалоўках газет і часопісаў зоймуць іншыя людзі. Таму важна ствараць умовы для таго, каб пасля завяршэння спартыўнай кар’еры яны не згубіліся ў жыцці, таму што, яшчэ раз падкрэсліваю, гэта вельмі таленавітыя людзі. Трэба зрабіць так, каб яны заставаліся ў галіне: станавіліся трэнерамі, менеджарамі, спартыўнымі спецыялістамі”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

“Прапаноўваем выпрацаваць у рамках ЕАК адпаведны пілотны праект у гэтай сферы. Ён павінен факусіравацца на атрыманні дадатковай адукацыі еўрапейскімі спартсменамі, якія завяршылі кар’еру”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Таксама, паводле слоў прэзідэнта, можна прадугледзець сістэму грантаў на адкрыццё ўласнай справы, каб спартсмен пасля заканчэння кар’еры мог заняцца карыснай для сябе і грамадства дзейнасцю, асабліва калі размова ідзе аб арганізацыі спартыўных школ або клубаў для дзяцей. “У Беларусі мы гэта ўжо робім самастойна, але прапаноўваем рэалізаваць такія падыходы на агульнаеўрапейскім узроўні. Гэта будзе добры прыклад для ўсёй планеты, паколькі менавіта дзіцяча-юнацкі спорт з’яўляецца асновай для спорту вышэйшых дасягненняў. Але самае галоўнае — гэта папулярызацыя здаровага ладу жыцця і фарміраванне здаровай нацыі”, — рэзюмаваў беларускі лідар.