Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з кіраўніком Чачэнскай Рэспублікі Рамзанам Кадыравым.
Ключавой тэмай двухбаковага ўзаемадзеяння павінна стаць вытворчая кааперацыя, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Гэта найбольш развітая, узаемавыгадная форма супрацоўніцтва, якая дае магчымасць забяспечыць патрэбы рэгіянальнага рынку, а таксама стварыць высокатэхналагічныя рабочыя месцы.
“Мы вельмі добра праінфармаваны аб развіцці Чачэнскай Рэспублікі, вельмі рады за гэта. Вы проста малайцы: узнялі з руін, з попелу свой кавалачак зямлі, усялілі ўпэўненасць у народ, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Для нас Чачэнская Рэспубліка — вельмі перспектыўны, аўтарытэтны рэгіён. Мы хацелі б не толькі супрацоўнічаць з Грозным, але з вамі разам працаваць і на Каўказе, што тычыцца эканамічных адносін. Мы спакойна можам там будаваць сумесныя прадпрыемствы, ствараць сумесныя высокатэхналагічныя прадукты, гандляваць у вашым рэгіёне не толькі на поўдні, але і на поўначы”.
Прэзідэнт упэўнены ў перспектыўнасці такога ўзаемадзеяння. “Але размова ідзе толькі аб высокатэхналагічным прадукце, які сёння запатрабаваны ў вашым рэгіёне і Расіі наогул”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
“Я вельмі вас падтрымліваю, вы малайцы, што арыентаваны менавіта на высокія тэхналогіі — гэта заўтрашні дзень. Калі б вы арыентаваліся на дзень — праз год-два былі б у хвасце, а так замахнуліся на вельмі сур’ёзныя праекты, і мы гатовы ўдзельнічаць, шукаць сваё месца ў іх”, — заявіў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў магчымасці пашырэння кааперацыі з улікам запуску ў Чачэнскай Рэспубліцы аўтамабільнай вытворчасці. “У нас ёсць прадпрыемствы, якія маюць вопыт супрацоўніцтва з Расіяй, дапусцім, “Аўтакампаненты”. Мы можам супрацоўнічаць з вамі. Вядома, вы можаце гэтыя аўтакампаненты, шчыра кажучы, купіць у любой краіне, з любым бізнесменам дамовіцца. Але мы вам гарантуем не толькі якасць і цану, але і сур’ёзнейшую абавязковасць. У нас дзяржава адказвае за такія рэчы”, — сказаў ён.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што наяўнасць абавязковага партнёра — немалаважнае пытанне. Напрыклад, Беларусь, супрацоўнічаючы з несумленнымі бізнесменамі, страціла сотні мільёнаў долараў. “З вамі ў нас няма праблем, таму што ў вас дзяржаўная структура мае моцную ўладу, вельмі моцны ўплыў на ўсе сектары. Гэтак жа і ў нас”, — дадаў прэзідэнт.
Ён прапанаваў развіваць узаемадзеянне ў машынабудаванні, у гэтай сферы Беларусь была вядучай рэспублікай яшчэ ў часы Савецкага Саюза.
Перспектыўнай галіной з’яўляецца і нафтахімічная прамысловасць. “Можам прапанаваць свае паслугі, калі вы яшчэ глыбока займаецеся пытаннямі здабычы нафты, перапрацоўкі. Наша кампанія “Беларуснафта” працуе ў многіх частках свету”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Асаблівая ўвага была звернута на вытворчасць пасажырскай і камунальнай тэхнікі. “Паглядзіце — калі вам спадабаецца, паспрабуйце і ў сябе. Можам стварыць сумесную вытворчасць і з вамі вырабляць гэтую тэхніку”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускія спецыялісты таксама могуць падключыцца да развіцця ў Чачэнскай Рэспубліцы сельскай гаспадаркі і вёскі ў цэлым. “Каўказ заўсёды славіўся ўзроўнем развіцця вёскі. Я ўпэўнены, на Каўказе вёска заўсёды будзе існаваць, будзе жыць. Можа, што-небудзь вы знойдзеце і ў нас карыснае”, — дадаў прэзідэнт.
Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць развіццю турызму, лічыць кіраўнік дзяржавы.
“Мы для вас абсалютна адкрытыя: глядзіце, вывучайце. Нешта нам падкажаце, нешта мы вам падкажам. Але гэты візіт павінен быць пачаткам добрага супрацоўніцтва з вашым рэгіёнам”, — падагульніў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі Расійскай Федэрацыі Рамзан Кадыраў падкрэсліў цікавасць да развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю і адзначыў наяўнасць вялікай павагі сярод жыхароў Каўказскага рэгіёна да беларускага лідара.
“Я, можна сказаць, марыў аб асабістай сустрэчы з вамі. Таму што ўсе гэтыя гады, як вы толькі што сказалі, мы адчувалі і адчуваем падтрымку. На Каўказе вас вельмі моцна паважаюць, любяць за вашу адназначную пазіцыю. За тое, што вы будуеце дзяржаву, абараняеце інтарэсы свайго народа на вышэйшым узроўні. Мы не абыякавыя да вашай краіны. І нашы краіны даўно звязваюць дружалюбныя, братэрскія адносіны”, — сказаў Рамзан Кадыраў.
“У рэспубліцы як даведаліся, што я еду, усе — маладыя, старыя: “Бацьку вялікае прывітанне перадайце! Мы заўсёды адчуваем падтрымку, усе яго выступленні слухаем”. Таму я перадаю вам прывітанне ад нашых грамадзян — моладзі, старэйшын. Яны вельмі вас любяць і паважаюць”, — сказаў Рамзан Кадыраў.
Ён таксама падкрэсліў, што Чачэнская Рэспубліка — самы бяспечны рэгіён у Расіі, дзе ў поўнай меры перамаглі тэрарызм. “Абсалютна спакойная тэрыторыя, куды сёння едуць сотні тысяч турыстаў з Амерыкі, Кітая, Японіі. Калі вы прыедзеце, гэта для нас будзе самым вялікім святам”, — падкрэсліў ён.
Рамзан Кадыраў згадзіўся, што развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ўмацоўвае і беларуска-расійскія адносіны ў цэлым. “Мы некалькі гадоў вывучаем эканоміку вашай краіны. Наш урад працуе, ёсць узаемадзеянне. Упэўнены, што сённяшняя сустрэча паслужыць не на словах, а на справе развіццю нашых адносін у эканамічным, прамысловым, сельскагаспадарчым плане”, — сказаў кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі.
Паводле яго слоў, за мінулыя гады ўдалося поўнасцю аднавіць Чачэнскую Рэспубліку, дзе будуюць эканоміку зыходзячы з патэнцыялу ўсяго рэгіёна Паўночнага Каўказа са шматмільённым насельніцтвам. “Як вы сказалі, калі зрабіць у Чачні пілотны праект для ўсяго Паўночнага Каўказа, то гэта было б выгадна і для вашых прадпрыемстваў, і для нас”, — упэўнены Рамзан Кадыраў.
Каменціруючы журналістам вынікі перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, Рамзан Кадыраў адзначыў: “Сустрэча мне вельмі спадабалася. Я яшчэ даўно вельмі хацеў сустрэцца, пагаварыць… Думаю, сёння мы знайшлі адказы на ўсе пытанні”.
Паводле яго слоў, перагаворы былі плённымі, бакі дамовіліся развіваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва па канкрэтных напрамках. “Чачэнская Рэспубліка сёння адзін з рэгіёнаў на Паўночным Каўказе, які стаў на шлях развіцця. Калі зрабіць добры пілотны праект у сельскай гаспадарцы, трактарабудаванні, гэта будзе вельмі перспектыўна, — лічыць Рамзан Кадыраў. — Усе напрамкі, якія існуюць, нам вельмі цікавыя, таму што Беларусь паказвае добрыя вынікі”.
Расказваючы пра першыя ўражанні ад знаходжання ў Беларусі, кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі адзначыў, што Мінск — чысты і прыгожы горад. “Адчуваецца, што ёсць гаспадар, — падкрэсліў ён. — Мне вельмі падабаецца тут”.