Беларусь дэманструе высокія тэмпы дэінстытуцыяналізацыі дзяцей-сірот

- 14:44Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Аб гэтым паведаміў прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар.

“З 2005 па 2014 год доля дзяцей, якія змешчаны ў інтэрнатныя ўстановы, знізілася больш як у два разы. Колькасць інтэрнатных устаноў сістэмы адукацыі скарацілася за гэты перыяд больш як на 20 працэнтаў. Працэс аптымізацыі закрануў і сістэму аховы здароўя: у 2015 годзе быў закрыты адзін дом дзіцяці. Дэінстытуцыяналізацыя, на маю думку, патрэбна і ў сістэме сацыяльнай абароны, — лічыць прадстаўнік ЮНІСЕФ. — Па выніках міжкраінавай ацэнкі вынікаў рэфармавання нацыянальных сістэм абароны і апекі дзяцей у 11 краінах адзначана, што Беларусь дэманструе адзін з самых высокіх тэмпаў дэінстытуцыяналізацыі дзяцей-сірот”.

Адказваючы на пытанне пра тое, чаму дзеці зведваюць насілле ў сем’ях, Рашэд Мустафа Сарвар выказаў меркаванне, што многія бацькі не ведаюць, якія меры ўздзеяння дапушчальныя ў адносінах да дзіцяці. “Важна разумець, што насілле не праходзіць бясследна. На працягу ўсяго жыцця гэта можа стаць прычынай многіх праблем. Дрэнныя ўзаемаадносіны з бацькамі часта з’яўляюцца прычынай, якая пачынае ланцужок складанасцей у дзяцей і падлеткаў — ад цяжкасцей у школе да асобасных праблем, — сказаў прадстаўнік ЮНІСЕФ. — Каб пазбегнуць праяў жорсткага абыходжання з дзецьмі, бацькам трэба навучыцца паводзіць сябе з імі і канструктыўна вырашаць канфлікты”.

У 2014 годзе ЮНІСЕФ выдала брашуры, якія прызначаны дапамагчы бацькам у выбары аптымальнай мадэлі выхавання дзяцей ненасільнымі метадамі. У іх расказваецца, як быць з патрабаваннямі, якія часам неабходна строга прад’яўляць дзецям; як зрабіць, каб строгасць не стала жорсткасцю; як вызначыць межы дазволенага.