Беларусь генерыруе канструктыўныя падыходы да вырашэння актуальных праблем сучаснасці

- 11:24Інфармацыйная гадзіна

Беларусь заняла ўласную нішу ў сучасным знешнепалітычным і знешнеэканамічным кантэксце. Аб гэтым гаворыцца ў аглядзе вынікаў знешняй палітыкі Беларусі і дзейнасці Міністэрства замежных спраў у 2017 годзе, які апублікаваны на сайце знешнепалітычнага ведамства.

“Беларусь змагла заняць уласную нішу ў сучасным знешнепалітычным і знешнеэканамічным кантэксце, прадэманстраваўшы здольнасць быць самастойным рэгіянальным гульцом, які генерыруе канструктыўныя падыходы да вырашэння актуальных праблем сучаснасці”, — падкрэслілі ў міністэрстве.

У ведамстве адзначылі, што буйныя знешнепалітычныя ініцыятывы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі — пашырэнне ідэй сумяшчальнасці ў Еўропе, парт-нёрства інтэграцый, абнаўлення агульнаеўрапейскага дыялогу па ўмацаванні мер даверу, бяспекі і супрацоўніцтва — сталі лагічным выяўленнем аб’яднальнага парадку дня, які Мінск прапануе іншым членам сусветнай супольнасці.

Міжнародная абстаноўка ў 2017 годзе характарызавалася павышанай нестабільнасцю, спалучэннем цэнтрабежных і цэнтраімклівых тэндэнцый, эканамічнымі дысбалансамі, негатоўнасцю сусветных гульцоў адступацца ад уласных нацыянальных інтарэсаў на агульную карысць. Відавочны крызіс даверу ў еўрапейскім рэгіёне, у шырокай еўразійскай прасторы і ў глабальным маштабе паказаў, што попыт на канструктыўны дыялог і выпрацоўку кампрамісаў па-ранейшаму перавышае прапанаванне.

“У гэтых няпростых умовах Беларусь у 2017 годзе прадэманстравала ўстойлівасць да неспрыяльных знешніх фактараў і здольнасць да актыўнага процідзеяння і змякчэння іх уздзеяння, — заявілі ў ведамстве. — Як і раней, намаганні беларускай дыпламатыі былі накіраваны на правядзенне збалансаванай шматвектарнай знешняй палітыкі ў рэчышчы ўстановак прэзідэнта, усебаковую абарону нацыянальных інтарэсаў, умацаванне рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці”.

Ва ўмовах недаверу паміж Расіяй і Захадам Беларусь, з аднаго боку, захавала прыхільнасць да стратэгічнага партнёрства з Расійскай Федэрацыяй, першачарговую арыентацыю на інтэграцыю ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, традыцыйнае ўзаемадзеянне з членамі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, Садружнасці Незалежных Дзяржаў. З іншага боку, Беларусь прадоўжыла выбудоўваць канструктыўныя прагматычныя адносіны з Еўрапейскім саюзам, Злучанымі Штатамі Амерыкі і іншымі заходнімі дзяржавамі.
Новае напаўненне атрымаў стратэгічны кітайскі вектар беларускай знешняй палітыкі. Беларусь адной з першых у свеце далучылася да рэалізацыі канцэпцыі “Эканамічнага пояса Шаўковага шляху” па шэрагу перспектыўных напрамкаў.

Для дыверсіфікацыі знешнепалітычных сувязей прадоўжылася фарміраванне новых геапалітычных апор у рэгіёнах далёкай дугі — Азіі, Блізкага Усходу, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі.

“У Садружнасці Незалежных Дзяржаў у 2017 годзе прыярытэтная ўвага ўдзялалася далейшай рэалізацыі Рашэння Савета кіраўнікоў дзяржаў аб адаптацыі СНД да сучасных рэалій, — падкрэсліваецца ў дакуменце. — У эканамічным плане сярод прыярытэтаў Рэспублікі Беларусь у 2017 годзе заставаліся пытанні, якія тычацца далейшага ўстаранення існуючых гандлёвых бар’ераў у рамках рэалізацыі Дагавора аб зоне свабоднага гандлю, фарміравання адзінага рынку дзяржаўных закупак, прадаўжэння работы над стварэннем зоны свабоднага гандлю паслугамі. Мінск садзейнічаў напаўненню парадку дня Садружнасці канкрэтнымі пытаннямі, здольнымі прынесці сінергетычны эфект для развіцця нацыянальных эканомік дзяржаў-удзельніц”.

“2017 год — год 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй — быў адзначаны інтэнсіўнымі кантактамі на вышэйшым і высокім узроўнях, зладжаным міжпарламенцкім і міжурадавым супрацоўніцтвам. Адносіны захоўвалі ўсёабдымны характар, — гаворыцца ў дакуменце. — Расія заставалася асноўным гандлёвым і інвестыцыйным партнёрам Беларусі. На яе долю прыпадае больш за палову ўсяго аб’ёму беларускага знешняга гандлю. Беларусь у сваю чаргу ўваходзіць у пяцёрку асноўных гандлёвых партнёраў Расіі”.

Бакі прадоўжылі выпрацоўку сумесных мер па далейшым зняцці перашкод ва ўзаемным гандлі, лібералізацыі ўмоў эканамічнай дзейнасці суб’ектаў гаспадарання. Гэтыя падыходы знайшлі адлюстраванне ў Прыярытэтных напрамках і першачарговых задачах далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на 2018—2022 гады.

Знешнепалітычныя ведамствы Беларусі і Расіі традыцыйна цесна каардынавалі свае дзеянні, што садзейнічала ўмацаванню пазіцый дзвюх краін на міжнароднай арэне. Асноўныя напрамкі гэтага партнёрства замацаваны ў чарговай Праграме ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў — удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2018—2019 гады. У адпаведнасці з рэалізаванай аналагічнай праграмай на 2016—2017 гады праведзена больш за 20 кансультацый па розных напрамках узаемадзеяння.

Актыўна развівалася міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. На працягу года Беларусь наведалі больш за 80 дэлегацый расійскіх рэгіёнаў, у тым ліку 11 — на чале з губернатарамі. 29—30 чэрвеня ў Маскве з удзелам прэзідэнтаў Беларусі і Расіі праведзены маштабны IV Форум рэгіёнаў, прысвечаны пашырэнню супрацоўніцтва ў сферы высокіх тэхналогій і інавацый.