Беларусь — Грузія: пашыраем супрацоўніцтва

- 11:34Актуально, Апошнія запісы

У Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь прайшла сустрэча міністра адукацыі Ігара Васільевіча Карпенкі з першым намеснікам міністра адукацыі, навукі, культуры і спорту Грузіі Міхаілам Гіяргадзэ, падчас якой абмяркоўваліся стан і перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі паміж Беларуссю і Грузіяй.

Дагаворна-прававой базай супрацоўніцтва дзвюх краін у вырашэнні адукацыйных пытанняў з’яўляецца Пагадненне паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам адукацыі і навукі Грузіі аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі, падпісанае ў красавіку 2015 года ў ходзе візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Грузію.

“Адукацыя — гэта той падмурак, на якім трымаюцца многія складнікі міждзяржаўнага супрацоўніцтва, — адзначыў І.В.Карпенка. — Міністэрства адукацыі зацікаўлена ў канструктыўным дыялогу з грузінскімі калегамі па ўсім спектры адукацыйных пытанняў. Мы цэнім добрыя адносіны наміж краінамі і перспектывы, якія закладзены ў іх аснову, і гатовы адкрыта абмяркоўваць новыя праграмы і праекты”.

Ігар Васільевіч Карпенка адзначыў сярод актуальных праекты міжнародных дагавораў — Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Грузіі аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі, дакументаў аб навучанні і Мемарандум аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве ў сферы маладзёжнай палітыкі паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам адукацыі і навукі Грузіі.

Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні прамых кантактаў паміж установамі вышэйшай адукацыі дзвюх краін, у далучэнні да ўдзелу ў міжнародных навуковых і навукова-тэхнічных мерапрыемствах, якія праводзяцца ва ўстановах вышэйшай адукацыі Беларусі, у тым ліку ў дыстанцыйнай форме, прадстаўнікоў грузінскіх навучальных устаноў.

Паміж краінамі рэалізоўваецца прамое міжуніверсітэцкае ўзаемадзеянне. У цяперашні час заключана 22 дагаворы аб супрацоўніцтве паміж універсітэтамі Беларусі і Грузіі. У студзені 2018 года падпісана Пагадненне паміж Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам імя П.В.Сухога і Грузінскім тэхнічным універсітэтам.

Чакаюць падтрымкі беларускія ініцыятывы па стварэнні і развіцці сумесных адукацыйных праграм і структур. Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з вучэбна-адукацыйным цэнтрам “САБА” і навучальным цэнтрам Кутаіскага нацыянальнага ўніверсітэта. Прапрацоўваецца пытанне стварэння на тэрыторыі Грузіі факультэта БНТУ. У цяперашні час дагавор аб стварэнні сумеснага з Кутаіскім нацыянальным універсітэтам эканоміка-тэхналагічнага факультэта знаходзіцца на ўзгадненні ў Цэнтры акрэдытацыі Міністэрства адукацыі і навукі Грузіі.

У ходзе сустрэчы ў сакавіку 2017 года з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі БНТУ Прэзідэнт Грузіі Г.Т.Маргвелашвілі падтрымаў ідэю стварэння названай адукацыйнай структуры, а таксама даручыў Міністэрству адукацыі і навукі Грузіі паскорыць разгляд гэтай прапановы беларускага боку. У рамках названага мерапрыемства высокаму госцю прысвоена званне ганаровага прафесара БНТУ.

Абмяркоўваецца стварэнне сумесных адукацыйных праграм Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта з Грузінскім тэхнічным універсітэтам. Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытутам імя А.Д.Сахарава БДУ прапрацоўваецца пытанне адкрыцця філіяла на базе Батумскага ўніверсітэта імя Шота Руставелі. Падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні з названай грузінскай установай вышэйшай адукацыі. Мяркуецца арганізацыя сумеснай падрыхтоўкі магістрантаў па спецыяльнасцях “Радыёбіялогія” і “Экалогія”, а таксама арганізацыя падрыхтоўкі аспірантаў з ліку грамадзян Грузіі на базе МДЭI імя А.Д.Сахарава БДУ. У цяперашні час зацікаўленымі бакамі ўзгадняюцца структура філіяла і ўмовы яго фінансавання.

Установамі адукацыі дзвюх краін паспяхова рэалізоўваюцца сумесныя міжнародныя праекты (у рамках праграм Еўрапейскага саюза Erasmus+, TEMPUS і Erasmus Mundus і інш.). Так, БДУ прадоўжана рэалізацыя праекта “Адукацыя ў галіне беспілотных лятальных апаратаў — eDrone”, завершана работа па праектах міжнароднай тэхнічнай дапамогі: “Пашырэнне выхавання дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека ў краінах Усходняга партнёрства” (АПА) і “Садзейнічанне інтэрнацыяналізацыі вышэйшых навучальных устаноў у краінах Усходняга суседства праз культурную і структурную адаптацыю” (БДУІР).

“Мы адчуваем выключную гасціннасць беларусаў і гатоўнасць да дыялогу, — заўважыў Міхаіл Гіяргадзэ. — Патэнцыял для паглыблення ўзаемаадносін супрацоўніцтва паміж Грузіяй і Беларуссю далёка не вычарпаны. Сёння нам вельмі цікавы беларускі вопыт у сферы высокіх тэхналогій і ІТ, у рэалізацыі інавацыйных праектаў, у развіцці сістэмы прафесійнай і вышэйшай адукацыі. Мы гатовы рэалізоўваць міжнародныя праграмы абмену — як студэнцкага, так і з запрашэннем педагогаў. Для таго каб надаць больш канкрэтыкі нашым дамоўленасцям, пры міністэрствах абедзвюх краін мэтазгодна стварыць рабочыя групы па супрацоўніцтве, у фармаце дзейнасці якіх вырашаць пэўныя пытанні, распрацоўваць праекты, ажыццяўляць маніторынг двухбаковага ўзаемадзеяння”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.