Беларусь — Кітай: сапраўдныя сябры і самыя шчырыя партнёры

- 10:44Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка дзякуе Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіну за значны асабісты ўклад у развіццё беларуска-кітайскіх адносін. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў у Пекіне на афіцыйных перагаворах у пашыраным складзе з лідарам КНР.

“Мы сапраўды сур’ёзна рушылі наперад у напрамку нашага супрацоўніцтва. Дазвольце мне ад імя беларускага народа і маёй дзяржавы падзякаваць вам асабіста за такі ўклад у нашы адносіны. Калі б не было гэтага асабістага ўкладу, не было б і такіх адносін”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для лідараў дзвюх краін стала ўжо добрай традыцыяй сустракацца некалькі разоў на год. “Пасля вашага візіту ў Беларусь у маі 2015 года мы вельмі інтэнсіўна працавалі над сумесным развіццём тых ініцыятыў, якія былі вамі выказаны, і перш за ўсё Эканамічнага пояса Шаўковага шляху, праекта Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, які вы назвалі жамчужынай Шаўковага шляху. Гэта сапраўды важнейшы вузлавы элемент паглыблення рэгіянальнага і крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі”, — сказаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, у мінулы перыяд актыўна ажыццяўляліся дзелавыя кантакты паміж дзвюма краінамі. Толькі з верасня 2015 года праведзена больш за чатыры дзясяткі візітаў у Кітай беларускіх дэлегацый на чале з кіраўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання, рэгіёнаў і вялікіх кампаній. У сваю чаргу Беларусь наведалі многія дэлегацыі дзяржаўных і партыйных органаў КНР як цэнтральнага, так і рэгіянальнага ўзроўню, прадстаўнікоў бізнес-супольнасці Кітая.

У сваю чаргу Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін заявіў: “Мы вывелі двухбаковыя адносіны і шматпланавае супрацоўніцтва на траекторыю паскоранага развіцця. Ваш візіт праходзіць у вельмі важны момант, калі мы падводзім вынікі кітайска-беларускіх адносін. Кітай і Беларусь — сапраўдныя сябры і самыя шчырыя партнёры. Дзякуючы агульным намаганням, кітайска-беларускія адносіны дынамічна развіваюцца і ўзнімаюцца на новы ўзровень, умацоўваюцца ўзаемадавер, практычнае супрацоўніцтва ва ўсіх галінах”.

Ён таксама адзначыў, што бакі ажыццяўляюць эфектыўнае ўзаемадзеянне і каардынацыю падыходаў па пытаннях міжнароднага і рэгіянальнага парадку дня.

“Вельмі рады бачыць, што дасягнутыя намі дамоўленасці эфектыўна рэалізуюцца. Мы гатовы разам з вамі займацца адзіным планаваннем далейшага развіцця двухбаковых адносін, каб надаць ім новы імпульс на карысць нашых народаў”, — падкрэсліў Старшыня КНР.

Сі Цзіньпін таксама адзначыў асабісты ўклад Прэзідэнта Беларусі ў развіццё двухбаковага супрацоўніцтва. “Вы — вялікі сябар кітайскага народа. Я высока ацэньваю ваш вялікі ўклад у развіццё кітайска-беларускіх адносін”, — сказаў ён.

Пасля завяршэння афіцыйных перагавораў у пашыраным фармаце кіраўнікі дзяржаў даволі працяглы час размаўлялі ў фармаце сам-насам. Як паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара, на перагаворах абодвума бакамі адзначаўся беспрэцэдэнтна высокі ўзровень адносін, дасягнутых паміж Беларуссю і Кітаем. Тым не менш адзначана, што шмат яшчэ трэба будзе зрабіць.

Сярод іншых тэм Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін абмеркавалі важнасць развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, патэнцыял якога неабходна найбольш актыўна выкарыстоўваць. Менавіта трывалыя рэгіянальныя сувязі садзейнічаюць умацаванню ўзаемаадносін паміж дзяржавамі.

Размова на перагаворах таксама ішла аб узаемадзеянні ў гуманітарнай сферы і турызме.

Адзначана неабходнасць зрабіць Шаўковы шлях дарогай з больш інтэнсіўным рухам, узмацняць узаемную падтрымку.

Старшыня КНР у сваю чаргу прапанаваў захаваць дынаміку адносін і сустрэч на вышэйшым і высокім узроўнях.

Пасля перагавораў лідараў дзвюх краін адбылася цырымонія ўзнагароджання Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна ордэнам “За ўмацаванне міру і дружбы”.

Старшыня КНР рашэннем Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўдастоены гэтай узнагароды за вялікі асабісты ўклад у развіццё гандлёва-эканамічных, навукова-тэхнічных, гуманітарных сувязей паміж Беларуссю і Кітаем, выключныя заслугі ва ўмацаванні дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.

Гэтая ўзнагарода з’яўляецца новай і ўручаецца ўпершыню.