Беларусь мае добрую аснову для выканання мэт устойлівага развіцця на нацыянальным узроўні

- 12:49Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Беларусь дасягае мэт устойлівага развіцця ў канструктыўным узаемадзеянні з арганізацыямі сістэмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Такое меркаванне выказаў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Юрый Амбразевіч на рэгіянальным форуме па ўстойлівым развіцці Еўрапейскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) ААН, паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Юрый Амбразевіч адзначыў, што прынятая Беларуссю ў 2015 годзе Нацыянальная праграма ўстойлівага развіцця да 2030 года канцэптуальна супадае з Парадкам дня ўстойлівага развіцця ААН, таму Беларусь мае добрую аснову для выканання мэт устойлівага развіцця на нацыянальным узроўні. У сувязі з гэтым важна канструктыўна ўзаемадзейнічаць з арганізацыямі сістэмы ААН.

Акрамя таго, у сваім выступленні пастаянны прадстаўнік Беларусі заклікаў да адраджэння сацыяльна-эканамічнага вымярэння ў дзейнасці еўрапейскіх рэгіянальных арганізацый, уключаючы ЕЭК ААН, як ключавога элемента рэгіянальнага падыходу да дасягнення мэт устойлівага развіцця. Беларускі дыпламат таксама прапанаваў выкарыстоўваць пляцоўку ЕЭК ААН для абмеркавання шляхоў актывізацыі ўзаемадзеяння еўрапейскіх інтэграцыйных аб’яднанняў і структур, што стала б рэальным укладам ва ўстойлівае развіццё ўсяго Еўрапейскага рэгіёна.

Рэгіянальны форум па ўстойлівым развіцці ЕЭК ААН адбыўся ў Жэневе 10 мая. Вынікі форуму агучаць на сустрэчы больш высокага ўзроўню па пытаннях устойлівага развіцця, якая павінна адбыцца ў Нью-Ёрку ў ліпені.