Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў з 11 краін.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь — міралюбівая, стабільная і бяспечная дзяржава. Адсутнасць міжканфесійных і міжэтнічных канфліктаў — галоўная канкурэнтная перавага краіны на сусветнай эканамічнай і палітычнай арэне.
“У дыялогу са сваімі партнёрамі Беларусь заўсёды прытрымліваецца прынцыпаў адкрытасці, сумленнасці, раўнапраўя і справядлівасці. Цяпер, калі сітуацыя ў свеце далёкая ад спакойнай, гэтыя падыходы асабліва каштоўныя, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Менавіта паслядоўная і прагматычная палітыка дапамагла нам нармалізаваць і ўмацаваць адносіны з заходнімі краінамі. Мы змаглі пераадолець рознагалоссі і цяпер будуем новую платформу супрацоўніцтва на аснове ўзаемапавагі і балансу інтарэсаў”.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў бягучым годзе Мінск прымаў два важныя міжнародныя форумы: сустрэчу міністраў замежных спраў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы і сесію Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. “На гэтай сесіі, а затым і з трыбуны Генасамблеі ААН наша краіна выступіла з ініцыятывай аб запуску пад эгідай АБСЕ шырокай дыскусіі аб новым Хельсінкскім працэсе, прызначаным развязаць вузлы супярэчнасцей паміж дзяржавамі на прасторы Еўраатлантыкі і Еўразіі. Мы зацікаўлены ў тым, каб праект “Хельсінкі-2” адбыўся. Упэўнены, што і вы, паважаныя паслы, зможаце ўнесці свой уклад у стварэнне групы дзяржаў-аднадумцаў па пашырэнні і рэалізацыі гэтай актуальнай ініцыятывы”, — заявіў беларускі лідар.
“Сёння неабходна будаваць і ўмацоўваць масты — палітычныя, эканамічныя, гуманітарныя — паміж краінамі і рознымі інтэграцыйнымі аб’яднаннямі як на Захадзе, так і на Усходзе. Шукаць як мага больш агульных падыходаў, якія будуць аб’ядноўваць краіны і народы”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама дадаў, што нельга недаацэньваць аб’яднальную сілу культуры і спорту. У 2019 годзе Беларусь прыме II Еўрапейскія гульні, а ў 2021 годзе разам з Латвіяй правядзе чэмпіянат свету па хакеі. “Шчыра спадзяюся, што сярод удзельнікаў і гасцей гэтых маштабных спаборніцтваў будуць і прадстаўнікі вашых краін”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатова развіваць супрацоўніцтва з дзяржавамі на ўсіх кантынентах. Звяртаючыся да паслоў, ён расказаў аб ключавых напрамках узаемадзеяння з кожнай з прадстаўленых імі краін.
Прэзідэнт разлічвае, што дзейнасць паслоў у Беларусі будзе плённай і паслужыць устанаўленню больш даверных адносін паміж краінамі, умацаванню дружбы і ўзаемаразумення паміж народамі.
Кіраўнік дзяржавы пажадаў дыпламатам поспехаў у іх адказнай місіі і запэўніў, што яны заўсёды могуць разлічваць на падтрымку і садзейнічанне з боку беларускага кіраўніцтва, міністэрстваў, ведамстваў, прадстаўнікоў дзелавых колаў і грамадскіх арганізацый.
“Мы шчыра зацікаўлены ў тым, каб наша супрацоўніцтва было плённым, узаемавыгадным, а яго вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.