Беларусь можа ўвайсці ў топ-20 краін па развіцці трансплантацыі

- 10:49Інфармацыйная гадзіна

Пра гэта заявіў кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак Алег Румо на Мінскім міжнародным медыцынскім форуме, які праходзіў у Мінску 7—8 верасня.

Штогод Сусветная арганізацыя аховы здароўя публікуе топ-50 самых развітых трансплантацыйных краін. Па колькасці трансплантацый органаў на 1 млн насельніцтва Беларусь у 2014 годзе займала 28-е месца, у 2016 годзе перамясцілася на 26-е. “Калі прааналізаваць першую дваццатку, то тыя краіны, якія знаходзяцца крыху вышэй за нас, маюць паказчык, які апярэджвае прыкладна на 0,5—1 працэнтны пункт. Гэта сведчыць аб тым, што ў найбліжэйшы час наша краіна ўвойдзе ў топ-20 перадавых трансплантацыйных краін”, — сказаў Алег Румо.

Па ўзроўні трансплантацый ныркі ад памерлага донара на 1 млн насельніцтва Беларусь знаходзіцца на 7-м месцы ў свеце. Агульная колькасць трансплантацый органаў у Беларусі з 2005 года вырасла больш як у 60 разоў. Пры гэтым удалося не толькі істотна павялічыць колькасць гэтых складаных аперацыйных умяшанняў, але і палепшыць іх якасць і разнастаіць спектр выканання.

Па ўзроўні развіцця донарства органаў Беларусь, паводле даных за 2016 год, больш як у два разы апярэджвае Германію, знаходзіцца наперадзе Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Канады. Колькасць трансплантацый органаў на 1 млн насельніцтва ў Беларусі ў 5 разоў перавышае аналагічны паказчык у Расіі. Рэспубліка лідзіруе сярод усіх краін постсавецкай прасторы. Аднак да дасягнення ўзроўню абсалютнага сусветнага лідара ў гэтай галіне — Іспаніі — наперадзе ў краіны яшчэ шмат работы, адзначыў кіраўнік РНПЦ.

Паводле слоў Алега Румо, рух наперад немагчымы без рэальнага міжнароднага супрацоўніцтва. Беларусь прымае ў гэтым актыўны ўд зел. Сведчаннем гэтага з’яўляецца той факт, што першыя аперацыі па трансплантацыі печані дарослым і дзецям у Казахстане, першыя аперацыі па трансплантацыі ныркі ў Кыргызстане былі выкананы беларускімі спецыялістамі. Вельмі сур’ёзна і даўно супрацоўнічаем з еўрапейскімі краінамі, з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі. У прыватнасці, для выканання складаных высокатэхналагічных аперацыйных умяшанняў у Беларусь прыязджаюць пацыенты з Японіі. На базе РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак прайшлі стажыроўку больш як 50 спецыялістаў з Казахстана.