Беларусь не эканоміць на бяспецы АЭС

- 11:08Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым заявіў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк на 35-й сесіі Камітэта па ажыццяўленні Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце ў Жэневе.

“Беларусь ні ў якім разе не эканоміць на будаўніцтве і бяспецы атамнай станцыі, усё фінансаванне вядзецца ў планавым рэжыме. Працэс будаўніцтва АЭС вывераны з улікам усіх дэталей, таму ніякіх пытанняў, звязаных з грашамі, не ўзнікае. Прэтэнзіі ў гэтым плане надуманыя і не падмацаваны доказамі”, — сказаў Міхаіл Міхадзюк.
Паводле яго слоў, беларускі бок адказна падыходзіць да пытання інфармавання аб будаўніцтве Беларускай АЭС і зацікаўлены ў адкрытым дыялогу. “Усе растлумачэнні беларускага боку былі выслуханы Камітэтам па ажыццяўленні Канвенцыі Эспо, і кіраўніком камітэта было выказана меркаванне, што нашай краіне ўдалося адказаць на многія пытанні”, — дадаў намеснік міністра.
Да 17 сакавіка ў Жэневе праходзіла 35-я сесія Камітэта па ажыццяўленні Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (Канвенцыі Эспо). Канвенцыя Эспо замацоўвае абавязацельствы краін-удзельніц паведамляць і кансультавацца адна з адной па ўсіх буйных праектах, якія маглі б мець значнае шкоднае трансгранічнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе.
Літоўскі бок у чэрвені 2011 года звярнуўся са скаргай у Камітэт па ажыццяўленні Канвенцыі Эспо аб парушэнні Беларуссю канвенцыі пры планаванні будаўніцтва Беларускай АЭС. Па выніках разгляду гэтага пытання камітэт адрасаваў рэкамендацыі як Беларусі, так і Літве па забеспячэнні выканання канвенцыі ў адносінах да праекта БелАЭС і наладжванні двухбаковага ўзаемадзеяння.