Беларусь — Польшча: прагрэс ва ўсіх сферах супрацоўніцтва

- 16:26Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Далейшае развіццё двухбаковых адносін Беларусі і Польшчы абмеркавалі намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына і міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі на сустрэчы ў Варшаве. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

“Бакі абмеркавалі далейшае развіццё двухбаковых адносін, пытанні дыялогу на лініі “Беларусь — ЕС” і рэгіянальнай праблематыкі”, — расказалі ў прэс-службе.

У сваю чаргу ў МЗС Польшчы пасля заканчэння мерапрыемства адзначылі, што Вітальд Вашчыкоўскі выказаў задавальненне прагрэсіруючай нармалізацыяй адносін паміж Польшчай і Беларуссю. Міністр замежных спраў растлумачыў, што яна азначае прагрэс ва ўсіх сферах супрацоўніцтва, а не толькі ў галіне палітычных і парламенцкіх кантактаў.

Пацвярджэннем “пацяплення” ўзаемаадносін, паводле слоў польскага дыпламата, з’яўляецца ўзмацненне сектаральнага дыялогу, у які ўключаны зацікаўленыя міністэрствы дзвюх краін. “Нас асабліва радуе ў гэтым кантэксце запланаваная цырымонія падпісання пагаднення па пытаннях адукацыі”, — заявіў ён.

Вітальд Вашчыкоўскі таксама аднавіў запрашэнне міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею наведаць з візітам Польшчу.

У Варшаве адбыліся палітычныя кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Польшчы. Беларускую дэлегацыю ўзначаліла Алена Купчына, польскую — намеснік міністра замежных спраў Марак Зюлкоўскі.