Беларусь прапанавала краінам з сярэднім узроўнем даходу стварыць у ААН групу для адстойвання сваіх інтарэсаў

- 10:56Інфармацыйная гадзіна

Намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў прадставіў падыходы Беларусі да выкаранення сучаснага рабства на спецыяльным мерапрыемстве высокага ўзроўню “У трывалым партнёрстве і лепшай каардынацыі намаганняў спыніць гандаль людзьмі: выкараненне сучаснага рабства праз устойлівае развіццё”, якое адбылося ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага МЗС.

Валянцін Рыбакоў выступіў на мерапрыемстве ў якасці асноўнага дакладчыка. Ён прадставіў падыходы Беларусі да выкаранення сучаснага рабства ў кантэксце рэалізацыі парадку дня развіцця на перыяд да 2030 года. Акрамя таго, расказаў аб нацыянальных дасягненнях у барацьбе з гандлем людзьмі. “Валянцін Рыбакоў заклікаў да ўмацавання каардынацыі намаганняў усіх партнёраў на антытрафікінгавым напрамку”, — дадалі ў МЗС.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаў — членаў ААН, міжнародных няўрадавых арганізацый. “Выступоўцы аднадушна адзначалі ролю Беларусі ў пашырэнні глабальнай барацьбы з гандлем людзьмі”, — дадалі ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Беларусь, якая з’яўляецца каардынатарам Групы сяброў, што аб’ядналіся ў барацьбе з гандлем людзьмі, і Упраўленне ААН па наркотыках і злачыннасці. Удзельнікаў віталі старшыня Генеральнай асамблеі ААН Могенс Люкетафт, Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун і іншыя прадстаўнікі кіраўніцтва арганізацыі.
Беларусь таксама выступіла з прапановай стварыць у ААН групу для адстойвання інтарэсаў краін з сярэднім узроўнем даходу. Такую ідэю агучыў намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў у Нью-Ёрку ў час сустрэчы дзяржаў — членаў ААН, якія з’яўляюцца актыўнымі прыхільнікамі пашырэння інтарэсаў краін з сярэднім узроўнем даходу.
На думку беларускага прадстаўніка, шматбаковыя намаганні ў галіне развіцця, у тым ліку парадак дня ААН устойлівага развіцця да 2030 года, павінны ўключаць комплекснае скаардынаванае садзейнічанне краінам з сярэднім узроўнем даходу. “Валянцін Рыбакоў прапанаваў, каб найбольш актыўныя прыхільнікі гэтай ідэі, уключаючы Беларусь, сфарміравалі асобную групу ў ААН для калектыўнага адстойвання інтарэсаў краін з сярэднім узроўнем даходу”, — адзначылі ў прэс-службе МЗС.
Намеснік міністра прадставіў падыходы Беларусі, накіраваныя на павышэнне ўвагі ў ААН да гэтай катэгорыі краін, у якіх пражывае больш за палову насельніцтва планеты.
Удзельнікі сустрэчы — кіраўнікі місій пры ААН, што прадстаўляюць дзяржавы розных рэгіянальных груп, — дамовіліся аб далейшых сумесных кроках, якія садзейнічалі б устойліваму развіццю краін з сярэднім узроўнем даходу.