У Міністэрстве адукацыі адбылася сустрэча міністра адукацыі І.В.Карпенкі з дзяржаўным сакратаром Міністэрства адукацыі, навукі, даследаванняў і спорту Славацкай Рэспублікі Вольгай Нахтманавай. У сустрэчы прынялі ўдзел Ёзэф Мігаш, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славацкай Рэспублікі ў Беларусі і іншыя афіцыйныя асобы. Міністэрства адукацыі прадстаўляла таксама І.Л.Шыткоўская, начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва.
І.В.Карпенка шчыра павітаў ганаровых гасцей і выказаў словы падзякі за ўвагу з боку славацкіх калег да сістэмы адукацыі нашай краіны.
— Гэтая сустрэча дасць новы імпульс нашым узаемаадносінам, таму што мы даўно не абнаўлялі пагадненні аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі і патрэбна карэкціроўка нарматыўнай прававой базы, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Згодна з новымі дамоўленасцямі, мы выйдзем на новы віток нашага ўзаемадзеяння, што паспрыяе станоўчай дынаміцы развіцця адукацыі як вашай, так і нашай краіны.
Міністр нагадаў, што сёння супрацоўніцтва Беларусі са Славацкай Рэспублікай у сферы адукацыі ажыццяўляецца ў рамках Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж галіновымі міністэрствамі ад 1996 года. Акрамя таго, ажыццяўляецца ўзаемадзеянне ў адпаведнасці з 15 прамымі дамоўленасцямі паміж установамі вышэйшай адукацыі Беларусі і Славакіі. Такім чынам, нарматыўная прававая база патрабуе пашырэння і абнаўлення згодна з тымі намерамі, якія маюць сёння дзве краіны.
Як заявіў І.В.Карпенка, істотным тут павінна стаць насычэнне ўзаемных пагадненняў новым зместам, скіраваным на інтарэсы сістэм адукацыі дзвюх краін, непасрэдна навучальных устаноў, педагогаў і навучэнцаў, каб гэта давала штуршок для новых праектаў, распрацовак і ўрэшце прыносіла карысць Беларусі і Славакіі.
З мэтай актуалізацыі адукацыйнай нарматыўна-прававой базы беларускім бокам распрацаваны праект Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Славацкай Рэспублікі ў сферы адукацыі. І.В.Карпенка адзначыў, што дакумент прадугледжвае развіццё двухбаковага ўзаемадзеяння па абмене студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі, правядзенні стажыровак навуковых і педагагічных работнікаў.
На сёння, згодна з дамоўленасцямі паміж краінамі, колькасць грамадзян са Славакіі, якія атрымліваюць адукацыю ў нашых навучальных установах, нязначная, і, па словах І.В.Карпенкі, трэба гэты кірунак развіваць. Найбольш цесна супрацоўнічаюць з навучальнымі ўстановамі Славацкай Рэспублікі БДУ, БДПУ імя Максіма Танка, ГрДУ імя Янкі Купалы і іншыя беларускія УВА. Як адзначыў Ігар Васільевіч, галіновае міністэрства нашай краіны зацікаўлена ў павышэнні эфектыўнасці міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва і падключэнні да гэтага іншых навучальных устаноў вышэйшай адукацыі дзвюх краін.
Міністр адукацыі засяродзіў увагу на развіцці вышэйшай адукацыі ў Беларусі, падрабязна расказаў аб дзейнасці вядучых універсітэтаў і рэгіянальных устаноў вышэйшай адукацыі. У скарбонцы кожнага з іх — істотны вопыт навуковай дзейнасці, які можа быць карысным для замежных калег, і наша сістэма адукацыі гатова ім падзяліцца. Таксама І.В.Карпенка звярнуў увагу на тое, як сёння развіваецца агульная сярэдняя, прафесійна-тэхнічная і сярэдняя спецыяльная адукацыя.
— Наша дзяржава клапоціцца пра фарміраванне працоўных рэсурсаў, здольных працаваць у інавацыйнай эканоміцы, на высокатэхналагічным абсталяванні. Мы імкнёмся да таго, каб на нашу вытворчасць прыйшлі высокакваліфікаваныя рабочыя кадры, — адзначыў міністр.— Таму сёння працуем над павышэннем якасці прафесійнай адукацыі, павышэннем статусу рабочага чалавека, каб моладзь усвядомлена выбірала рабочую прафесію.
І.В.Карпенка паведаміў аб метадычных напрацоўках, удасканаленні нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, укараненні міжнародных стандартаў.
У сваю чаргу Вольга Нахтманава расказала аб адукацыі Славацкай Рэспублікі, аб яе дасягненнях і тых напрамках, якія будуць развівацца ў найбліжэйшы час. Мяркуецца ўзмацніць сувязі з Беларуссю, у прыватнасці ў адукацыйнай сферы, і выкарыстоўваць вопыт беларускіх калег. Улічваючы тое, што ў Славакіі сістэма прафесійнай адукацыі не настолькі эфектыўная, як у нашай краіне, Вольга Нахтманава выказала намер наладзіць супрацоўніцтва з Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі, каб выкарыстоўваць яго здабыткі ў гэтай сферы.
Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.