Учора познім вечарам у Нацыянальным аэрапорце “Мінск” прызямліўся самалёт з трыумфатарамі XXVII Сусветнай летняй універсіяды. Па інфармацыі на 16 ліпеня, у беларускай каманды 40(!) медалёў і 5-е месца ў рэйтынгавай табліцы. Наперадзе толькі Расія, Кітай, Японія і Паўднёвая Карэя. Усяго за некалькі дзён нам удалося абагнаць Украіну, ЗША, Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку і Аўстралію. Нашы спартсмены зрабілі неверагоднае.
Трэці рэкорд “залатой рыбкі”
Аляксандра Герасіменя заваявала трэцяе “золата” ў плаванні. Чэмпіёнка і рэкардсменка ўніверсіяды пацвердзіла свой “залаты” статус на дыстанцыі 50 м вольным стылем. І зноў рэкорд — 24,48 секунды. Цікава, што папярэдні рэкорд належаў ёй жа — 24,62 секунды. Як аказалася, Саша — чалавек слова, абяцала трыумф і прадэманстравала яго.
Другое месца заняла прадстаўніца Францыі Ганна Самантас, якая адстала ад Герасімені на 0,33 секунды. На трэцім месцы амерыканка Меган Рамана з вынікам 24,98 секунды.
Нагадаем нашым чытачам, што напярэдадні беларуская спартсменка стала наймацнейшай на дыстанцыях 50 м батэрфляем і 100 м вольным стылем, а таксама сярэбранай прызёркай на дыстанцыі 50 метраў на спіне.
Самба: дзень, багаты на медалі
Залаты медаль у перадапошні дзень універсіяды ў скарбонку нацыянальнай зборнай дадала самбістка Настасся Архіпава, якая выступала ў вагавой катэгорыі да 56 кг. У шэрагу паядынкаў яна перамагла манголку Амархаргал Тумурбаатар, румынку Даніэлу Хондзю, расіянку Настассю Валаву. У фінале Настасся вырвала перамогу ў прадстаўніцы Францыі Лауры Фурнье з лікам 3:1.
Яшчэ два бронзавыя медалі дадалі да поспеху Настассі Цімафей Емяльянаў і Кацярына Калюжная.
Цімафей, які выступаў у вагавой катэгорыі да 82 кг, у чвэрцьфінале саступіў расіяніну Сяргею Кірухіну. Аднак, выкарыстоўваючы выступленне ў суцяшальным раўндзе, дайшоў да фіналу, дзе заваяваў “бронзу” ў паядынку з японцам Ясутаке Такаморы.
Кацярына Калюжная дайшла да паўфіналу ў вагавой катэгорыі звыш 80 кг, дзе саступіла прадстаўніцы Аргенціны Саманце Дакунха Кеслер. За трэцяе месца ёй давялося змагацца з прадстаўніцай Літвы Карынай Бічкутэ. Паядынак быў завершаны з лікам 1:0 на карысць беларускі.
16 ліпеня самбісты завяршылі свае выступленні ў Казані. На іх ліку два залатыя, два сярэбраныя і два бронзавыя медалі. “Золата” ў Мікалая Мацко і Настассі Архіпавай, “серабро” ў Аляксандра Кокшы і Таццяны Токць, “бронза” ў Цімафея Емяльянава і Кацярыны Калюжнай.
“Серабро” для Меліціны
Меліціна Станюта таксама апраўдала чаканні ўсіх, хто за яе хварэў. Беларуская гімнастка стала сярэбранай прызёркай універсіяды ў практыкаваннях з абручом.
Учора Меліціна выступіла ў трох фіналах асобных практыкаванняў. У практыкаваннях з абручом лідарам стала расіянка Маргарыта Мамун з агульнай сумай 18,300 бала. Меліціна Станюта набрала 17,866 бала. На трэцім месцы ўкраінкі Аліна Максіменка і Ганна Рызатдзінава. Цікава, што абедзве спартсменкі набралі па 17,833 бала.
На жаль, у фінале практыкаванняў з мячом наша гімнастка заняла толькі чацвёртае месца, прапусціўшы на бронзавую прыступку ўжо вядомую нам Ганну Рызатдзінаву з Украіны. Сярэбраны медаль у прадстаўніцы Паўднёвай Карэі Ен Чжэй Сон (18,000), залаты — у Ганны Мяркулавай з Расіі (18,233 бала).
Дарэчы, Меліціна не трапіла ў фінал практыкаванняў са стужкай. А ў фінале практыкаванняў з булавамі стала апошняй з васьмі гімнастак. Лідзіравала ў іх расіянка Маргарыта Мамун.