Беларусь узначаліць Савет па культурным супрацоўніцтве садружнасці

- 10:18Інфармацыйная гадзіна, Рознае

З 2017 года Рэспубліка Беларусь будзе старшынстваваць у Савеце па культурным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні XXXI Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД, якое адбылося ў Астане, паведамілі ў Міністэрстве культуры Беларусі.

“На працягу трох гадоў, пачынаючы з 2017 года, Рэспубліка Беларусь будзе старшынстваваць у Савеце па культурным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД. У бягучым годзе старшынствуе Арменія”, — адзначылі ў міністэрстве.

На пасяджэнні абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва краін СНД у галіне культуры, а таксама дзейнасць Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” у якасці базавай арганізацыі краін СНД па напрамку “Музейная справа”.

Акрамя таго, быў узнагароджаны граматай Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Алег Рыжкоў.

Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў выступіў на пасяджэнні з дакладам. У рабоце Савета па культурным супрацоўніцтве ўдзельнічалі прадстаўнікі Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Беларусі, Кыргызстана, Малдовы, Расійскай Федэрацыі, Таджыкістана, Туркменістана, Міжнароднага Дэльфійскага камітэта, Выканаўчага камітэта СНД.