Беларусь — яго лёс

- 11:21Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Гімназія № 10 Гродна цяпер носіць імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева). Гэта гонар і вялікая адказнасць для калектыву ўстановы адукацыі, дзе ідэалагічнае і духоўна-маральнае выхаванне асобы ляжыць у аснове ўсёй дзейнасці.

 

Герой Беларусі, праваслаўны царкоўны дзеяч, ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт (Кірыл Варфаламеевіч Вахрамееў) нарадзіўся 21 сакавіка 1935 года ў Маскве. Царкоўнае служэнне пачаў у 1954 годзе іпадыяканам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія.

У 1959 годзе ў Троіца-Сергіевай Лаўры прыняў манас­кі пострыг з імем у гонар святога Філарэта Міласцівага і быў пасвячоны ў іераманаха. У 1978 годзе Філарэт быў прызначаны Мітрапалітам Мінскім і Беларускім, Пат­рыяршым Экзархам Заходняй Еўропы, а ў 1989-м — Мітрапалітам Мінскім і Гродзенскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, пастаянным членам Свяшчэннага Сінода. У 1992—2013 гадах быў Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзар­хам усяе Беларусі, свяшчэннаархімандрытам Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра.

1 сакавіка 2006 года мітрапаліт Філарэт быў удастоены звання “Герой Беларусі” за шматгадовы асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне беларускага народа, умацаванне дружбы і брацкіх сувязей паміж народамі, развіццё міжканфесійнага дыялогу.

 

— 12 верасня 2022 года — знамянальны дзень для гімназіі: лёсавызначальнымі сталі рашэнне Гродзенскага гарвыканкама і благаславенне архіепіскапа Гро­дзенскага і Ваўкавыскага Антонія аб прысваенні ўстанове адукацыі імя першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта, — адзначыла дырэктар гімназіі № 10 імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) Гродна Алена Зінчук. — Нам аказаны такі гонар, бо ў аснове выхавання асобы ў гімназіі заўсёды быў духоўны пачатак. У нас вучацца дзеці розных канфесій, і ўсе яны з павагай адносяцца да традыцый як праваслаўнай, так і каталіцкай царквы. Прадстаўляючы праваслаўе як аснову хрысціянства, мітрапаліт Філарэт заўсёды пакідаў у сваёй душы і жыцці месца для людзей розных канфесій. Прыемна, што вуліца каля гімназіі перайменавана ў гонар мітрапаліта Філарэта, чалавека, які душой заўсёды быў разам з краінай і да апошняга дня верай і праўдай служыў людзям.

Прапаведнік, міратворац, падзвіжнік

З самага пачатку свайго служэння ў Беларусі ўладыка Філарэт рэгулярна наведваў Гро­дзенскую вобласць, здзяйсняў тут набажэнствы, меў зносіны з паствай, праводзіў сустрэчы з прадстаўнікамі рэгіянальных і мясцовых улад, навуковай і творчай інтэлігенцыяй.

Дзякуючы свайму міжнароднаму аўтарытэту, мітрапаліт Філарэт выратаваў ад закрыцця адну з галоўных славутасцей Гродзенскай вобласці — Свята-Успен­скі Жыровіцкі манастыр. У 1989 годзе ён адрадзіў пры манастыры Мінскую духоўную семінарыю, у 1996 годзе заснаваў тут першую ў гісторыі Беларусі духоўную акадэмію (у 2015 годзе яна пераехала ў Мінск).

Па благаславенні мітрапаліта Філарэта з 1992 года аднавілася манаскае жыццё ў Раство-Багародзіцкім жаночым манастыры Гродна. Праз 10 гадоў манастыр стаў стаўрапігіяльным. Мітрапаліт Філарэт не раз здзяйсняў набажэнствы ў Пакроўскім кафед­ральным саборы Гродна, часта бываў у Барысаглебскім Каложскім храме, уважліва ўнікаў у дыскусіі аб перспектывах рэстаўрацыі гэтай нацыянальнай святыні.

У 1984 годзе ўладыка Філарэт ініцыіраваў агульнацаркоўнае святкаванне ў гонар Сабора Беларускіх святых. Ён вельмі беражліва ставіўся да шанавання падзвіжнікаў Беларусі і настаяў на тым, каб менавіта Сабору Беларускіх святых быў прысвечаны храм у гродзенскім мікрараёне Вішнявец. У 2011 го­дзе мітрапаліт Філарэт узначаліў асвячэнне гэтага храма. Як ініцыятар праслаўлення навамучанікаў і спавядальнікаў зямлі беларускай, Патрыяршы Экзарх прысвоіў імёны гэтых святых ХХ стагоддзя храму ў Скідзелі, які цяпер з’яўляецца цэнтрам Гродзенскай раённай царкоўнай акругі.

У 2001 годзе мітрапаліт Філарэт быў выбраны ганаровым доктарам Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, а ў 2009 годзе — ганаровым прафесарам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У цэлым архіпастыр быў уладальнікам 12 ганаровых навуковых ступеней, у ліку якіх званні ганаровага доктара вышэйшых навучальных устаноў розных краін свету.

Пры ўдзеле мітрапаліта Філарэта колькасць праваслаўных епархій на тэрыторыі Беларусі вырасла з 1 да 11 (цяпер іх 15), колькасць праваслаўных прыходаў па краіне павялічылася з 430 да больш чым 1600, былі адкрыты 24 жаночыя і 10 мужчынскіх манастыроў. Уладыка благаславіў работу над перакладам Святога Пісання на сучасную літаратурную беларускую мову, аднаўленне Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай, факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля XVI ст.

12 студзеня 2021 года не стала мітрапаліта Філарэта. Тысячы жыхароў Гродзеншчыны, як і ўсёй Беларусі, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці, памятаюць яго як дбайнага служыцеля Бога, глыбокага мысліцеля, натхнёнага прапаведніка, вялікага міратворца, выбітнага падзвіжніка духоўна-асветніцкай работы.

Духоўны пачатак

Гімназію № 10 звязвае цеснае шматгадовае супрацоўніцтва з Гродзенскай епархіяй. І гэта не проста супрацоўніцтва, а моцнае сяброўства. Пачыналася яно з бацькоўскіх універсітэтаў, якія праводзілі святары Аляксандр Васілейчык, настаяцель Свята-Уладзі­мірскай царквы Гродна, настаяцель Каложскай царквы Аляксандр Балоннікаў, а таксама бацькі, якія не толькі аддалі сваіх дзяцей вучыцца ў гімназію, але і сваім прыкладам, адносінамі да жыцця дапамагалі ўстанове адукацыі ў справе выхавання. Традыцыйнымі сталі Калядныя і Велікодныя сустрэчы з архіепіскапам Гродзенскім і Ваўкавыскім Антоніем, шматлікія экскурсіі па храмах Беларусі. Па слядах запамінальных сустрэч гімназісты стварылі фільмы, відэаінтэрв’ю.

На працягу апошніх 9 гадоў гімназія з’яўляецца пляцоўкай гарадской навукова-практычнай канферэнцыі “Гарадніца”, адна з секцый якой — “Беларусь канфесійная” — праводзіцца  з удзелам прадстаўнікоў Гро­дзенскай епархіі. З 2020 года ўстанова адукацыі стала пляцоўкай для правядзення абласных адкрытых навукова-педагагічных Каложскіх чытанняў. Педагогі і навучэнцы трансліруюць свой вопыт ідэалагічнага і духоўна-маральнага развіцця на міжнародных Кірыла-Мя­фо­дзьеўскіх чытаннях, рэспубліканскіх Свята-Ефра­сіннеўскіх педагагічных чытаннях.

З мінулага навучальнага года ў гімназіі працуе абласны рэсурсны медыяцэнтр “МедыяІдэя на 10”, які ў тым ліку праводзіць сумесныя мерапрыемствы з Гро­дзенскай епархіяй. Гэта сустрэчы са святарамі, выставы і нават інтэрнэт-кантэнт. Так, пасля наведвання сабораў у Гродне гімназісты падрыхтавалі фотасправа­здачу, якая была размешчана на сайце епархіі. 

Назапашаны вопыт работы паслужыў зыходным пунктам для стварэння цэнтра ідэалагічнага і духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў “Беларусь. Лёс. Айчына” з экспазіцыямі “Духоўнасць і патрыятызм”, “Этапы станаўлення беларускай дзяржаўнасці”, “Гімназія, ведаю: у табе наша сіла”, “Першы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Герой Беларусі Мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў)”. 30 жніўня 2022 года ён атрымаў статус рэсурснага цэнтра Ленінскага раёна Гродна. Шмат экспанатаў падораны Гродзенскай епархіяй, сярод іх ёсць і асабістыя рэчы мітрапаліта Філарэта.

Члены лектарскай групы пачалі ўжо праводзіць экскурсіі для навучэнцаў пачатковых класаў. На базе цэнтра арганізавана дзейнасць гуртка “Асновы праваслаўнай культуры”. Плануецца, што цэнтр стане ядром для правядзення мерапрыемстваў ідэалагічнага, маральнага характару, звязаных з традыцыйнымі сямейнымі каштоўнасцямі. Тут таксама акумулюецца метадычны матэрыял па выхаваўчай, грамадзянска-патрыятычнай рабоце, у тым ліку ў электроннай форме. Вопыт гэтай работы будзе трансліравацца педагогам не толькі гімназіі, але і ўсёй вобласці. Таксама ствараецца інтэр­актыўная электронная карта “Духоўныя святыні Гродна і Гро­дзеншчыны”.

— Два нашы цэнтры — “МедыяІдэя на 10” і “Беларусь. Лёс. Айчына” — узаемазвязаны і гарманічна дапаўняюць адзін аднаго, — патлумачыў намеснік дырэктара гімназіі Дзмітрый Бараноўскі. — Мы добра разу­меем, што сучасная моладзь “жыве” ў сацыяльных сетках, а медыя­студыя займаецца сучаснай медыяадукацыяй: гэта і прафарыентацыя, і ўключэнне моладзі ў сучасную медыяпрастору, у тым ліку ў духоўна-маральныя праекты. Гэта дазваляе моладзі стац­ь часткай выхаваўчага працэсу не толькі праз традыйныя формы — сустрэчы са святарамі, чытанне Бібліі, факультатывы, але і праз формы, звязаныя з інтэрнэтам.

Як адзначыла кіраўнік установы адукацыі, пытанні духоўна-маральнага выхавання глыбокія і патрабуюць самааддачы ад педагога.

— У аснове кожнага ўрока і мерапрыемства павінны ля­жаць каштоўнасці выхавання, уласцівыя чалавеку, які ўмее жыць у згодзе з сабой і з Богам. Нашы гімназісты маюць магчымасць браць прыклад з мітрапаліта Філарэта, які прысвяціў сваё жыццё служэнню Богу і лю­дзям, — падкрэсліла Алена Зінчук.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі і Гродзенскай епархіяй.