Беларусаў узнагародзілі ў Маскве

- 10:28Адукацыйная прастора, Рознае

Адразу сем чалавек з Беларусі сталі лаўрэатамі ХVІ Міжнароднага Пушкінскага конкурсу педагогаў-русістаў. Гэта Вольга Гайдукевіч з сярэдняй школы № 16 Полацка Віцебскай вобласці, Уладзімір Лайкоў з Мётчанскага вучэбна-педагагічнага комплексу “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Барысаўскага раёна Мінскай вобласці, выкладчыца Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава Галіна Макарэвіч, старшы выкладчык філалагічнага факультэта БДУ Гардзей Хоміч, Ірына Яваш з сярэдняй школы № 14 Пінска Брэсцкай вобласці, Ірына Ярышкіна з сярэдняй школы № 3 Крупак Мінскай вобласці і Вера Філосаф з Рэчыцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці.

Выкладчыкі з Беларусі наведалі Маскву, дзе атрымалі заслужаныя ўзнагароды — дыпломы лаўрэатаў, грашовыя прэміі, кнігі з надпісамі ад пісьменніка Паўла Басінскага і іншыя падарункі. Настаўнікі пабывалі на Краснай плошчы, дзе па традыцыі ўдзельнічалі ў святкаванні Дня Масквы, беларускіх выкладчыкаў рускай мовы (разам з русістамі яшчэ з 21 краіны) у Белай зале Урада Масквы віталі вядомыя расійскія вучоныя і палітыкі.

Канечне, замежным гасцям было цікава наведаць школу. Сваіх калег гасцінна віталі ў маскоўскай гімназіі № 1520 імя Капцовых: запрасілі на ўрокі, паказалі музей, дзе можна было пазнаёміцца з гісторыяй знакамітай навучальнай установы, у якой у свой час вучыліся Юлія Друніна, Віктар Пялевін і іншыя. Насычанай была і культурная праграма: наведванне Пушкінскага музея і музея Булгакава, рэдакцыі “Расійскай газеты”, пешаходная і аўтобусная экскурсіі па расійскай сталіцы, прагляд спектакля “Сабака на сене” ў тэатры сатыры і танцавальнага шоу “Кастрама”. І, канечне, знаёмствы, новыя сябры і песня “Друга я никогда не забуду, если с ним подружился в Москве”.

Вера ФІЛОСАФ,
лаўрэат конкурсу.