Беларусі ўдалося захаваць лепшыя традыцыі савецкай школы

- 10:35Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым сказаў старшыня Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі кіраўнік фракцыі Кампартыі ў Дзярждуме Генадзь Зюганаў на беларускай выставе на Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў.

Генадзь Зюганаў адзначыў, што ў Беларусі робіцца ўсё для таго, каб захаваць лепшыя традыцыі савецкай школы, працоўнага выхавання. Яны прадстаўлены і на беларускай выставе на фестывалі, з якой азнаёміўся кіраўнік Камуністычнай партыі Расіі. Ён з цеплынёй пагутарыў з беларускай моладдзю, сфатаграфаваўся з усімі жадаючымі. “Выдатная дэлегацыя і вельмі цікавая выстава”, — падкрэсліў Генадзь Зюганаў і запрасіў маладых людзей наведаць на выставе залы, прысвечаныя савецкаму перыяду.

Старшыня КПРФ пакінуў добрыя пажаданні для беларускіх спартсменаў, якія будуць удзельнічаць у ІІ Еўрагульнях у Мінску ў 2019 годзе.

На СФМС адбылося пленарнае пасяджэнне дыскусійнай праграмы, прысвечанае 100-годдзю Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі камсамольцаў і леваарыентаванай моладзі з усяго свету. На пасяджэнні выступілі лідар КПРФ Генадзь Зюганаў, кіраўнік беларускай дэлегацыі на СФМС, міністр адукацыі Ігар Карпенка.

На выставе прадстаўлены дасягненні Беларусі ў розных галінах — ад прамысловасці, адукацыі да культуры. Акцэнт у экспазіцыі зроблены таксама на турыстычным патэнцыяле краіны, буйных спартыўных падзеях — Еўрагульнях-2019 і чэмпіянаце свету па хакеі, які Беларусь прыме ў 2021 годзе разам з Латвіяй. Прадстаўлены самыя яркія напрамкі маладёжнага руху сучаснай Беларусі, розныя напрамкі работы БРСМ — самай масавай маладзёжнай арганізацыі Беларусі і асноўнага сувыканаўца дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Так, на выставе прэзентаваны распрацоўкі маладых беларускіх наватараў — удзельнікаў праекта “100 ідэй для Беларусі”, дзейнасць піянерыі, студатрадаўскі і валанцёрскі рух.

СФМС-2017 ужо стаў найбуйнейшай падзеяй у сферы міжнароднага маладзёжнага ўзаемадзеяння. Сімвалам фестывалю выбраны рознакаляровы рамонак, што сведчыць аб пераемнасці традыцый, сувязі пакаленняў, міры і адзінстве ўсёй сусветнай супольнасці. Галоўным элементам сталі каляровыя пікселі як знак з’яднанасці моладзі ўсяго свету ў інфармацыйную эпоху. Фестываль прызначаны кансалідаваць моладзь, садзейнічаць развіццю міжнацыянальнага і міжкультурнага ўзаемадзеяння.