Беларуска-кітайская сустрэча

- 10:40Актуально, Апошнія запісы

У панядзелак у Ліцэі БДУ прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 70-годдзю абвяшчэння Кітайскай Народнай Рэспублікі. У ім прынялі ўдзел міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у нашай краіне Цуй Цымін, а таксама настаўнікі кітайскай мовы, выкладчыкі, валанцёры, студэнты.

— Зараз у нашай краіне вучыцца каля 4 тысяч кітайскіх грамадзян, — паведаміў міністр адукацыі Ігар Карпенка. — І прыёмная кампанія працягваецца, а гэта значыць, што лічба яшчэ падрасце. Гаворка ідзе не толькі пра навучанне ў беларускіх універсітэтах, гэта яшчэ і падрыхтоўка па праграме 2+2 (2 гады ў Кітаі, 2 — у Беларусі), сумесныя магістарскія праграмы.

Міністр падкрэсліў, што адносіны Беларусі і Кітая ахопліваюць розныя сферы адукацыі і навукі, і прывёў некалькі прыкладаў плённага супрацоўніцтва. Так, кітайская касмічная карпарацыя дапамагла Белдзяржуніверсітэту запусціць студэнцкі спадарожнік. БНТУ выпусціў у свет руска-кітайска-англійскі слоўнік тэхнічных тэрмінаў — сапраўды ўнікальнае выданне. І ўжо зусім нядаўна кітайская кампанія Weichai, якая ў індустрыяльным парку “Вялікі камень” ажыццяўляе вытворчасць рухавікоў унутранага згарання, інвесціравала сродкі ў стварэнне рэсурснага цэнтра на базе Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа. Ён аснашчаны па апошнім слове тэхнікі, і там могуць прахо­дзіць практыка-арыентаваную падрыхтоўку як навучэнцы прафтэхустаноў, так і студэнты ўніверсітэтаў.

— 2019 год, які абвешчаны Годам беларускай адукацыі ў Кітаі, з’яўляецца знакавым, — паведаміў Ігар Карпенка. — Сёння мы з гонарам можам дэманстраваць плён нашага су­працоўніцтва. Паміж універсітэтамі дзвюх краін заключана больш за 350 прамых дагавораў аб супрацоўніцтве. Рэалізуецца больш як 20 сумесных адукацыйных праграм першай ступені вышэйшай адукацыі і больш як дзесяць — на ўзроўні магістратуры. Працуюць дзве сумесныя навуковыя лабараторыі і дасягнуты дамоўленасці аб адкрыцці яшчэ дзвюх. Распрацоўваецца магчымасць арганізацыі сумеснай падрыхтоўкі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі.

У верасні гэтага года ў Мінску быў урачыста адкрыты будынак Інстытута імя Канфуцыя БДУ, цалкам абсталяваны за кошт кітайскага боку. Таксама гэтай восенню быў адкрыты новенькі будынак студэнцкага інтэрната БНТУ, які пабудаваны дзякуючы бязвыплатнай дапамозе кітайскага ўрада. Цяпер там жывуць студэнты гэтага ўніверсітэта з розных краін свету.

Як заўважыў у сваёй прамове Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у нашай краіне Цуй Цымін, Кітай праяўляе вялікую цікавасць да вывучэння беларускай мовы і культуры. Сёння ў 11 універсітэтах Паднябеснай адкрыты цэнтры беларускай мовы і культуры, у трох універсітэтах ёсць спецыяльнасці, звязаныя з беларускай мовай. Усё больш маладых людзей з Кітая едуць вучыцца ў Беларусь (яшчэ летась іх было 3 тысячы, а сёлета ўжо 4 тысячы).

— Беларусь ведаюць у Кітаі, — заўважыў Цуй Цымін, — і беларуская адукацыя ў нас вельмі цэніцца. З вашым дыпломам выпускнікі могуць знайсці добрую работу як у сябе на радзіме, так і за мяжой.

Пасол паведаміў, што зараз у Кітаі вучыцца больш за тысячу беларускіх студэнтаў і стажораў. Ён выказаў вялікую падзяку Міністэрству адукацыі і асабіста міністру Ігару Карпенку, адзначыўшы яго персанальны ўклад у справу беларуска-кітайскага супрацоўніцтва.

— Сёлета добра супрацоўнічалі. Думаю, што налета бу­дзе яшчэ лепш, — заўважыў Цуй Цымін.

 У сувязі з 70-годдзем абвяшчэння Кітайскай Народнай Рэспублікі і правядзеннем Года адукацыі Беларусі ў Кітаі настаўнікам кітайскай мовы, выкладчыкам і валанцёрам былі ўручаны спецыяльныя ўзнагароды Міністэрства адукацыі Беларусі.

Таксама за значны ўклад у развіццё і ўмацаванне беларуска-кітайскіх адносін у сферы адукацыі Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Беларусі ўзнагароджаны Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у нашай краіне Цуй Цымін.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.