Беларускае старшынства дае новы маштаб і новыя магчымасці

- 10:33Інфармацыйная гадзіна

Беларускае старшынства дае новыя магчымасці для Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы, заявіла намеснік генеральнага сакратара ЦЕІ Маргот Клестыль-Лефлер, выступаючы на міністэрскай канферэнцыі па тэматыцы ўзаемасувязей і сумяшчальнасці ў рэгіёне ЦЕІ “Наводзячы масты паміж Еўропай і Азіяй” у прывязцы да ініцыятывы “Пояс і шлях”.

“Беларускае старшынства дае новы маштаб і дае новыя магчымасці для ЦЕІ”, — падкрэсліла Маргот Клестыль-Лефлер.

Намеснік генеральнага сакратара Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы адзначыла, што рэгіянальнае супрацоўніцтва цяпер прыцягвае ўсё больш увагі. “Гэта дае магчымасць ЦЕІ адыгрываць ролю моста ў розных інтэграцыйных аб’яднаннях”, — растлумачыла яна.

Міністэрская канферэнцыя па тэматыцы ўзаемасувязей і сумяшчальнасці ў рэгіёне ЦЕІ “Наводзячы масты паміж Еўропай і Азіяй” у прывязцы да ініцыятывы “Пояс і шлях” прайшла ў Мінску. Тэматычныя панэлі мерапрыемства былі сфакусіраваны на мадэрнізацыі транспартнай і лагістычнай інфраструктуры ва ўвязцы са стратэгіямі ЕС па развіцці транс’еўрапейскіх транспартных калідораў з прыцягненнем рэсурсаў міжнародных фінансавых інстытутаў; на спрашчэнні гандлю праз гарманізацыю мытных працэдур, правіл паходжання і ацэнкі кошту тавараў, мер тарыфнага і нетарыфнага рэгулявання, прамысловых, санітарных і фітасанітарных стандартаў (у тым ліку ў кантэксце выбудоўвання ўзаемадзеяння паміж ЕС і ЕАЭС).

Акрамя таго, абмяркоўвалася развіццё канцэпцыі так званых лічбавых транспартных калідораў праз развіццё сістэм бездакументарнага гандлю, узаемнае прызнанне электронных таварасуправаджальных дакументаў, электронных гандлёвых пляцовак для малога і сярэдняга бізнесу, трансгранічных лічбавых паслуг.

Міністр транспарту і камунікацый Беларусі Анатоль Сівак, выступаючы на міністэрскай канферэнцыі, заявіў, што Беларусь удзяляе асаблівую ўвагу развіццю і мадэрнізацыі транспартнай інфраструктуры, прызначанай для арганізацыі міжнародных перавозак.

“Мы ўсведамляем, што развітая транспартная інфраструктура не толькі паляпшае імідж краіны, але і садзейнічае зніжэнню сабекошту дастаўкі тавараў, а інвестыцыі, што накіроўваюцца ў яе, ускосна аказваюць уплыў на ўсе галіны эканомікі. Не дарма старадаўняя мудрасць кажа: хочаш стаць багатым — пачынай будаваць дарогу. У сувязі з гэтым у Беларусі ўдзяляецца асаблівая ўвага развіццю і мадэрнізацыі транспартнай інфраструктуры, прызначанай для арганізацыі міжнародных перавозак”, — падкрэсліў ён.

Міністр нагадаў, што праз Беларусь праходзяць дзве найважнейшыя транспартныя артэрыі: другі міжнародны транспартны калідор, які па найкарацейшым маршруце злучае краіны Заходняй Еўропы і выходзіць праз Расію на Азію, і дзявяты міжнародны транспартны калідор з адгалінаваннем IXВ, які спалучае краіны Скандынавіі і Балтыі з балканскім і блізкаўсходнім рэгіёнамі.

Таксама Анатоль Сівак акцэнтаваў увагу на такім вектары міжнароднага супрацоўніцтва, як удзел Беларусі ў ініцыятыве КНР “Пояс і шлях”, які дазваляе рэалізаваць буйныя інвестыцыйныя праекты на тэрыторыі краіны. Маштабным мерапрыемствам у гэтым напрамку з’яўляецца стварэнне Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”.