Беларуская дэлегацыя на Маскоўскім кніжным кірмашы прадставіла копію друкарскага станка XVI стагоддзя

- 10:51Інфармацыйная гадзіна

Стэнд Беларусі на XXX Маскоўскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, паведамілі БелТА ў прэс-службе Пасольства Беларусі ў Расіі.

На кірмашы беларуская дэлегацыя прадставіла копію друкарскага станка XVI стагоддзя, які адноўлены па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі. Беларускі гісторык, філакартыст і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў доўга вывучаў друкарскую справу, звярнуўся да дакументаў з апісаннем тэхналогіі стварэння паперы і друкарскага працэсу. Па гравюрах часоў першага беларускага кнігадрукара Францыска Скарыны быў выраблены друкарскі станок, для якога спецыяльна адлілі матрыцы і формы з тэкстам Бібліі.

Пасля афіцыйнага адкрыцця выставы беларускі стэнд наведалі кіраўнік Федэральнага агенцтва па друку і масавых камунікацыях Расіі Міхаіл Сяславінскі, саветнік Прэзідэнта Расіі па пытаннях культуры Уладзімір Талстой, міністр культуры і спорту Грэцыі, многія кіраўнікі замежных дэлегацый, прадстаўнікі дыпмісій, расійскіх і замежных выдавецтваў, дзясяткі журналістаў.

Першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі разам з гасцямі экспазіцыі па старажытных тэхналогіях зрабіў копію гравюры першага беларускага кнігадрукара на самаробнай паперы.

У бягучым годзе дэлегацыя беларускіх кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў прывезла ў Маскву ў першую чаргу выданні, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Ігар Луцкі падкрэсліў, што Беларусь — традыцыйны ўдзельнік гэтага кніжнага форуму. “Скарыніяна”, прадстаўленая сёння ў Маскве, — гэта каля 20 кніг, якія былі выдадзены ў 2016—2017 гадах. Сярод іх — кніга-альбом “Сусветная спадчына Францыска Скарыны” выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі”, якая атрымала гран-пры XIV Міжнароднага конкурсу “Мастацтва кнігі” дзяржаў — удзельніц СНД.

Сваю прадукцыю, уключаючы вучэбную і мастацкую літаратуру, на кірмашы ў Маскве прэзентавалі таксама іншыя буйныя беларускія выдавецтвы: “Аверсэв”, “Адукацыя і выхаванне”, “Беларусь”, “Вышэйшая школа”, “Пачатковая школа”, “Беларуская навука”, “Мастацкая літаратура”, выдавецкія дамы “Беларуская навука”, “Звязда”.

Маскоўская міжнародная кніжная выстава-кірмаш праводзіцца з 1977 года і з’яўляецца найбуйнейшым кніжным форумам у Расіі. У гэтым годзе расійская сталіца прымае ў сябе больш за 600 выдавецтваў з 40 краін.