Беларуская мова: для каго родная, а для каго замежная

- 5:25Наша пошта

З 25 чэрвеня па 7 ліпеня на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта працуе міжнародная летняя школа беларускай мовы для замежных студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў. Зараз у ёй займаюцца маладыя людзі з Украіны, Польшчы, Сербіі. Трапіць у школу змаглі толькі каля паловы заяўнікаў, але для арганізатараў такая цікавасць іншаземцаў да беларускай мовы не з’яўляецца навіной.

Як расказала загадчыца кафедры сучаснай беларускай мовы філалагічнага факультэта БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Зінаіда Бадзевіч, летняя школа адноўлена пасля 10-гадовага перапынку (да 2002 года гэта быў міжнародны летні семінар беларусістыкі). Арганізатары атрымалі ў два разы больш заявак на ўдзел, чым прадугледжана месцаў, таму вырашылі аддаць перавагу групам.

Трэба зазначыць, што на філфаку прапаноўваецца спецыялізацыя “Беларуская мова як замежная”, створаны неабходныя падручнікі, дзякуючы чаму і стала магчымым правядзенне летняй школы.

Большасць слухачоў вывучаюць беларускую мову ў сваіх універсітэтах, частка з іх ведае нашу мову на прасунутым узроўні, нехта нават ужо рыхтуецца да выкладання. Некаторыя ўдзельнікі школы яшчэ толькі плануюць выбраць спецыялізацыю, звязаную з беларусістыкай.

Праграма школы ўключае лекцыйныя і практычныя заняткі. Атрымаць моўную практыку можна і ў нефармальных зносінах з беларускімі студэнтамі-філолагамі, якія суправаджа­юць замежных гасцей у пазавучэбны час. Са свайго боку, беларусы могуць папрактыкавацца ў польскай, сербскай, украінскай мовах, якія вывучаюць на філфаку БДУ.

Пасля вучобы слухачам прапаноўваецца разнастайная культурная праграма. Беларускую мову нельга вывучаць без знаёмства з багатай беларускай спадчынай і сучаснасцю, упэўнены арганізатары і самі навучэнцы.

— У свеце, асабліва ў еўрапейскіх краінах, вельмі вялікая цікавасць да беларускай мовы, — зазначае Зінаіда Іванаўна Ба­дзевіч. — Мы бачым гэта па слухачах летняй школы — настолькі яны ўлюбёныя ў нашу мову. Нашы вкладчыкі ад іх у захапленні!

Паводле слоў загадчыцы кафедры сучаснай беларускай мовы, філалагічны факультэт падтрымлівае сувязі з універсітэтамі Германіі, Фінляндыі, Польшчы, Украіны, дзе выкладаецца беларусістыка. Выкладчыкі факультэта чытаюць там лекцыі па беларускай мове. З другога боку, вельмі запатрабавана спецыялізацыя “Беларуская мова як замежная”, вывучаць якую на філфак БДУ прыязджае шмат замежных студэнтаў, нават з Японіі і Кітая!

Як расказала Кацярына Асадца, удзельніца летняй школы з Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, у яе ВНУ адкрыты цэнтр беларусістыкі, а адпаведная спецыяльнасць вельмі папулярная сярод украінскай моладзі: пры паступленні на беларусістыку прэтэндуе 19 чалавек на месца, прычым частка студэнтаў вучыцца на платнай аснове. Дзяўчына адзначыла, што, на жаль, мінчане не размаўляюць па-беларуску і часта са здзіўленнем рэагуюць на беларускамоўную гутарку.

Каб родная мова не здавалася замежнай у сваёй краіне і яе ўжыванне выходзіла за рамкі толькі філалагічнай супольнасці, у Беларусі рэалізоўваецца план мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы. У прыватнасці, ініцыятыву правядзення міжнароднай летняй школы на філфаку БДУ падтрымала Міністэрства адукацыі. Дзякуючы падтрымцы на дзяржаўным узроўні, у наступным годзе арганізатары плануюць удасканаліць фармат мерапрыемства, і, магчыма, факультэт зможа прыняць значна больш групавых і індывідуальных заяўнікаў.

Іна НІКІЦЕНКА.
nikitsenka@ng-press.by