Прадстаўнікі Расіі, Германіі, Узбекістана і Туркменістана сталі слухачамі летняй школы беларускай мовы і культуры, якая працуе ў ГрДУ імя Янкі Купалы.
Замежныя студэнты яшчэ ў 2019 годзе прыязджалі ў Купалаўскі ўніверсітэт, каб паглыбіць свае веды альбо ўпершыню пазнаёміцца з беларускай мовай, аднак у мінулыя гады такой магчымасці не было з-за пандэміі. І вось летняя школа зноў расчыніла свае дзверы для аматараў нашай мовы.
Сёлета слухачамі сталі студэнты Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава, Гейдэльбергскага ўніверсітэта Германіі. Да іх далучыліся замежныя студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы з Узбекістана і Туркменістана. У межах святкавання 140-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры летняя школа адкрылася пад назвай “Пад светлым іменем Купалы”.
— Тэарэтычныя заняткі прысвечаны асаблівасцям беларускага маўлення, адметнасцям правапісу, граматычным катэгорыям роду, ліку і склону, вершаваным жанрам і формам у сучаснай беларускай паэзіі, фразеалогіі, а таксама безэквівалентнай лексіцы беларускай мовы. Слухачы школы на занятках спрабуюць размаўляць па-беларуску, у іх ёсць невялічкая база. Паглыбіць веды дапамогуць заняткі па народных святах і абрадах, сямейных святах беларусаў і нават майстар-класы, — расказаў дырэктар навуковай бібліятэкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Мікалай Грынько.
Студэнт-гісторык з Германіі Аляксандр-Ян Курэк валодае польскай мовай і раней быў у ГрДУ імя Янкі Купалы ў якасці слухача летняй школы рускай мовы. А калі даведаўся пра існаванне школы беларускай мовы і культуры, таксама зацікавіўся, і вось ён зноў у Гродне.
— Філолагам з Масквы вельмі цікава суседняя славянская мова, найбліжэйшая да рускай. Некаторыя зацікавіліся беларускай мовай падчас удзелу ў конкурсе “Пазнай Беларусь з намі”. Праводзіцца ён цэнтрам беларускай мовы, літаратуры і культуры, створаным на базе філалагічнага факультэта МДУ імя М.В.Ламаносава разам з ГрДУ імя Янкі Купалы. На занятках у цэнтры студэнтаў зацікавілі беларускай мовай, культурай, і яны хочуць пачуць правільнае беларускае маўленне з вуснаў беларусаў. А для замежных студэнтаў нашага ўніверсітэта, заняткі для якіх праводзяцца на рускай мове, таксама цікава вывучаць беларускую мову і знаёміцца з культурай рэгіёна, дзе яны жывуць і вучацца, — дадаў Мікалай Уладзіміравіч.
Для замежных студэнтаў падрыхтавана цікавая краязнаўчая праграма, у тым ліку завочныя вандроўкі, такія як, напрыклад, “Дакрануцца да мінуўшчыны” — па гістарычных мясцінах Беларусі. Маладыя людзі прымуць удзел у майстар-класе па народным ткацтве ў абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі, наведаюць музей Максіма Багдановіча, дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, краязнаўчы музей у Гудзевічах, азнаёмяцца з пісанкамі ў Сапоцкіне. Іх чакаюць экскурсіі па гістарычных мясцінах Гродна.
Арганізатарамі праекта выступіла навуковая бібліятэка і філалагічны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы.
Ірына АНІКЕВІЧ.