Прадукцыя жывёльнага паходжання Беларусі адпавядае ўсім патрабаванням ветэрынарна-санітарнага кантролю Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Аб гэтым заявіў член Калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Сяргей Сідорскі, паведамілі ў прэс-службе ЕЭК.
“ЕЭК у рамках сваіх паўнамоцтваў прыняла асноўныя неабходныя дакументы па пытаннях ветэрынарна-санітарнага кантролю прадукцыі жывёльнага паходжання згодна з дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе, — адзначылі ў камісіі. — Сістэмы ветэрынарна-санітарнага кантролю Арменіі, Беларусі, Казахстана і Расіі прызнаны эквівалентнымі адна адной. Усе дзеянні ўпаўнаважаных органаў бакоў у галіне ветэрынарнага кантролю (нагляду) рэгламентаваны рашэннем камісіі Мытнага саюза, зыходзячы з якога ветэрынарны кантроль і нагляд у частцы гатовай жывёлагадоўчай прадукцыі ажыццяўляецца толькі адносна эпізаатычнай стабільнасці”.
Раней Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расійскай Федэрацыі (Рассельгаснагляд) абмежавала пастаўкі ў Расію прадукцыі жывёльнага паходжання прадпрыемстваў Беларусі. Ведамства лічыць, што прадукцыя, вырабленая ў рэспубліцы, не адпавядае патрабаванням тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС.
Паводле слоў Сяргея Сідорскага, выяўленне парушэнняў, не звязаных з ветэрынарнымі рызыкамі, не павінна з’яўляцца падставай для ўвядзення ветэрынарных мер па абмежаванні паставак прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў.
Па выніках рабочай сустрэчы з удзелам супрацоўнікаў профільных дэпартаментаў ЕЭК па ўрэгуляванні пытанняў паставак беларускай прадукцыі на рынак Расіі прадстаўнікі Рассельгаснагляду, Мінсельгаса Расіі, Мінсельгасхарча Беларусі дамовіліся аб мерах па вырашэнні ў трохдзённы тэрмін сітуацыі, якая склалася. У рамках дамоўленасцей беларускі бок прадставіў Рассельгаснагляду і Еўразійскай эканамічнай камісіі ўсе неабходныя матэрыялы.
“Лічу, што дакументы ў поўнай меры адказваюць на пастаўленыя пытанні, аднак практычных захадаў з боку Рассельгаснагляду па зняцці абмежаванняў не робіцца, — падкрэсліў Сяргей Сідорскі. — У сувязі з адсутнасцю ў ЕЭК механізмаў уплыву на нацыянальныя органы дзяржаўнай улады Беларусь мае права звярнуцца ў Суд Еўразійскага эканамічнага саюза для канчатковага вырашэння гэтага пытання”.