Беларускія адукацыйныя праграмы прывабныя для замежнікаў

- 11:02Інфармацыйная гадзіна

Арганізацыі, падпарадкаваныя Міністэрству адукацыі, у першым квартале 2017 года рэалізавалі паслугі на экспарт на суму $8,2 млн, у тым ліку турпаслугі на Br0,7 млн. Аб гэтым паведамляе БелТА са спасылкай на статыстычныя даныя міністэрства.

У 2016 годзе экспарт адукацыйных паслуг склаў $33,6 млн (тэмп росту да ўзроўню 2015-га — 99,7 працэнта), у тым ліку турыстычных паслуг — $3,3 млн.

Адукацыя, атрыманая ў Беларусі, становіцца ўсё больш прывабнай для замежных грамадзян. Цяпер ва ўстановах адукацыі рэспублікі вучыцца больш за 20 тысяч чалавек са 107 краін.

У Беларусі створаны адукацыйныя праграмы рознага ўзроўню, якія ўяўляюць інтарэс для замежных грамадзян: бакалаўрскія, магістарскія (на англійскай мове), “двайных дыпломаў”, дадатковай прафесійнай адукацыі, павышэння кваліфікацыі, адукацыйныя праграмы ў сеткавай форме, летнія школы, курсы рускай мовы, дыстанцыйнае навучанне і інш.

У 2016—2017 гадах Цэнтрам міжнародных сувязей Мінадукацыі арганізавана больш за 10 адукацыйных праграм прафесійнай мабільнасці для кіраўнікоў і спецыялістаў устаноў адукацыі Расіі, Казахстана, Літвы і Польшчы. Удзельнікі праграм азнаёміліся з вопытам інавацыйнай дзейнасці беларускіх устаноў адукацыі, а таксама з культурнымі і гістарычнымі выдатнымі мясцінамі краіны. Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы праводзіць адукацыйны фестываль “Міжнародная летняя школа беларусістыкі”, удзел у якім у 2015 годзе прынялі 30 замежных грамадзян, а ў 2016-м — ужо больш за 60.

На пасяджэнні Каардынацыйнага савета па развіцці дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Беларусі і Расіі, якое прайшло 7 чэрвеня бягучага года, зацверджана праграма турысцкіх маршрутаў, рэкамендаваных для наведвання навучэнцамі Беларусі і Расіі.

Дарэчы, у топ-4000 міжнароднага рэйтынга ўніверсітэтаў Webometrics у студзені 2017 года ўвайшлі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (637-е месца); Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (2891-е); Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (3122-е); Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (3500-е).