Беларускія дранікі… на бразільскі лад

- 13:50World Skills

Свой вольны час нашы канкурсанты прысвяцілі наведванню навучальных устаноў Сан-Паўлу. Разам з навучэнцамі з Беларусі навучальныя ўстановы наведалі намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь В.С.Руды, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі А.Х.Шкляр, першы прарэктар РІПА Э.М.Каліцкі.
— Сёння зусім не важна, што мы жывём адно ад аднаго па розныя бакі экватара, — сказаў у сваім прывітальным слове Валянцін Сяргеевіч Руды.—У дружбы няма межаў, няма перашкод, у гэтым толькі чалавечыя памкненні маюць самую важную вагу.Таму сёння наша сустрэча перапоўнена самымі шчырымі пачуццямі, і мы вельмі рады сустрэцца з нашымі калегамі з Бразіліі.12
Удзельнікі беларускай дэлегацыі пазнаёміліся з адной са школ Сан-Паўлу, прайшліся па вучэбных класах, сустрэліся з кіраўніцтвам школы і яе выхаванцамі. Ва ўстанове вучаць дзяцей з 6-гадовага ўзросту, і яны вучацца ў школе 9 гадоў. Акрамя агульнаадукацыйных прадметаў, у тым ліку англійскай мовы, навучэнцы атрымліваюць першыя навыкі рабочых прафесій. Для гэтага створаны вучэбныя лабараторыі. Кіраўніцтва ўстановы адукацыі паведаміла, што іх выхаванцы прыхільна ставяцца да набыцця прафесійных навыкаў, якія ім спатрэбяцца ў жыцці. А тыя, хто вырашыў прысвяціць сябе рабочай прафесіі, могуць паступаць ва ўстановы больш высокага ўзроўню.9
Трэба прызнаць, што ў школах Бразіліі шмат увагі ўдзяляецца развіццю фізічнай культуры і спорту, і не толькі традыцыйнаму футболу, які праславіў Бразілію на ўвесь свет, але і іншым відам, асабліва гульнявым. На тэрыторыі школы, якую наведалі ўдзельнікі беларускай дэлегацыі, месцяцца шматлікія пляцоўкі не толькі для заняткаў спортам, але і …танцаў. І гэта нядзіўна, бо бразільцы вельмі тэмпераментныя і праяўляюць гэты тэмперамент у сваіх знакамітых карнавальных фіестах. Самае прыемнае, што майстэрству нацыянальнага танца дзяцей вучаць яшчэ з маленства, хутчэй, развіваюць тое багацце танца, якое дадзена ім прыродай. У гэтым можна было пераканацца, гледзячы на філігранныя танцавальныя па, якія па-майстэрску выконвалі юныя танцоры.10 Не менш уразіў гасцей з Беларусі школьны аркестр духавых інструментаў, які мае ў сваім рэпертуары шмат музычных твораў з нацыянальным каларытам і з задавальненнем выконваў іх беларускім гасцям. Было вельмі прыемна шчырае, адкрытае стаўленне да Беларусі з боку бразільскіх сяброў. Адчувалася, што падрыхтоўка да сустрэчы беларускай дэлегацыі вялася тут з вялікай адказнасцю. Дзеці шукалі інфармацыю пра Беларусь у самых розных крыніцах. Яны даведаліся пра нашы гістарычныя каштоўнасці, пра тое, што наша краіна пакутвала ад войнаў, ад аварыі на атамнай станцыі. Шмат даведаліся бразільскія дзеці пра нашу сістэму адукацыі, культуру, мастацтва і нават пра кулінарыю. Юныя бразільцы з веданнем справы расказвалі, напрыклад, як прыгатаваць беларускія дранікі. Каб папоўніць скарбонку ведаў, Валянцін Сяргеевіч Руды падарыў школе кнігі пра Беларусь, а нашы канкурсанты расказалі пра тыя прафесіі, якія яны атрымліваюць у навучальных установах, пра свае мэты ў жыцці і кар’ерны рост. Менавіта WorldSkills з’яўляецца той прыступкай, якая стварае гэтаму росту самыя спрыяльныя ўмовы.
А.Х.Шкляр шчыра падзякаваў кіраўніцтву школы Сан-Паўлу, усім яе выхаванцам за цёплы прыём, які застанецца надоўга ў сэрцы кожнага.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.