Беларускія школьнікі адзначаны граматамі ў розных намінацыях анлайн-конкурсу «Читаем классику — чытаем класiку»

- 16:11Новости

Падведзены вынікі паэтычнага анлайн-конкурсу чытальнікаў літаратурных твораў Расіі і Беларусі «Читаем классику — чытаем класiку», прымеркаванага да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра і 110-годдзя з дня нараджэння Сяргея Міхалкова, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У спаборніцтве прынялі ўдзел 250 чалавек — школьнікі 1—11-х класаў і педагогі адукацыйных устаноў — членаў Асацыяцыі школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Канкурсантам неабходна было зняць відэаролік працягласцю да 2 мінут з прачытаннем літаратурнага твора альбо ўрыўкаў (беларускім школьнікам — твораў, якія вывучаюцца ў межах адукацыйных праграм Расіі, расійскім — у межах вучэбных праграм Беларусі). Вітаўся творчы падыход і мастацкая апрацоўка матэрыялаў. Таксама дапускаўся індывідуальны і групавы ўдзел.

Па выніках 44 навучэнцы заваявалі дыпломы І ступені, 48 — дыпломы II ступені, 51 — дыпломы ІІІ ступені. Усе астатнія атрымалі сертыфікаты.

Аўтары відэаработ былі адзначаны граматамі ў розных намінацыях:

«Лепшы відэаролік» — вучаніца гімназіі № 3 Баранавіч Эмілія Ярашава;

«Лепшае лірычнае выступленне» — вучаніца сярэдняй школы № 11 імя генерала арміі А.І. Антонава Гродна Аляксандра Кучынская;

«Самае крэатыўнае выступленне» — вучні сярэдняй школы № 11 імя генерала арміі А.І. Антонава Гродна Яраслаў Пракаповіч і Ягор Лукашэвіч.

Творчае спаборніцтва было ініцыіравана ў межах рэалізацыі інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі развіцця кампетэнтнасці педагогаў у фарміраванні нацыянальнай ідэнтычнасці навучэнцаў» рэсурсным цэнтрам інфармацыйных тэхналогій устаноў адукацыі Савецкага раёна Мінска, які размяшчаецца на базе гімназіі № 30 імя Героя Савецкага Саюза Б.С. Акрэсціна, сумесна з калектывам маскоўскай школы № 1558 імя Расаліі дэ Кастра.

 Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі