ХVІ Міжнародная алімпіяда па навуках аб Зямлі (IESO 2023) праходзіла з 21 па 26 жніўня ў анлайн-фармаце і ўключала індывідуальны і групавы туры, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

На рахунку беларусаў — два сярэбраныя і тры бронзавыя медалі. У асабістым заліку сярэбраны медаль заваяваў навучэнец 11-га класа гімназіі № 13 Мінска Арсеній Лысак. Бронзавымі медалямі ўзнагароджаны дзесяцікласніца сярэдняй школы № 18 Баранавіч Аляксандра Багданава і навучэнец 10-га класа гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава Вадзім Ігнаценка.
У групавым туры сярэбранага медаля ўдастоены выпускнік Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Ягор Рабцэвіч у складзе зборнай школьнікаў з Эстоніі, Іспаніі, Францыі і ЗША. Бронзавым медалём адзначаны навучэнец 10-га класа гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава Вадзім Ігнаценка ў складзе зборнай школьнікаў з Фінляндыі, Італіі, Іспаніі і ЗША.
Кіраўнікамі беларускай каманды выступілі першы прарэктар БДУ Дзмітрый Курловіч і дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута дадатковай адукацыі БДУ Уладзімір Махнач.
У індывідуальным туры юныя географы прадэманстравалі свае веды па геалогіі і палеагеаграфіі. Удзельнікаў групавога этапу размеркавалі па міжнародных камандах для выканання праблемных кейсаў па пытаннях змянення клімату. Усе заданні трэба было выканаць на англійскай мове. Усяго ў спаборніцтве прынялі ўдзел 179 школьнікаў з 32 краін. Краінамі — арганізатарамі алімпіяды сёлета выступілі Індыя, Ізраіль і КНР.
***
Для навучэнкі баранавіцкай школы № 18 Аляксандры Багданавай сёлета гэта ўжо трэцяе дасягненне: яна таксама заваявала дыплом ІІІ ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі і гран-пры на алімпіядзе геаграфічнага факультэта БДУ.
Выдатніца, мэтанакіраваны, працаздольны і рознабаковы чалавек — так дзяўчыну характарызуюць у школе. Аб разнастайнасці яе захапленняў яскрава сведчыць той факт, што ў 8-м класе ва ўстанове была арганізавана персанальная выстава Аляксандры “Сусвет заўсёды на баку летуценніка”, на якой былі прадстаўлены работы, выкананыя ў розных тэхніках: грызайль, жывапіс, графіка і інш. Кожная з іх прасякнута любоўю, жаданнем зрабіць свет крыху дабрэйшым. А зараз дзяўчына рыхтуе новы праект у дзіцячым тэхнапарку.
— Пяць гадоў я займаюся з Аляксандрай, і тое, што яна выбрала паглыбленае вывучэнне менавіта геаграфіі, для мяне як настаўніка — вялікая ўдача, — адзначае настаўніца геаграфіі Ірына Снігірэвіч. — Яна вельмі таленавітая, захоплена тэмай урбаністыкі, экалогіі гарадоў. Імкнуся праводзіць з ёй больш часу. Кіраўніцтва школы заўсёды ідзе насустрач — гэта таксама каштоўна. Веру: у Аляксандры вялікая будучыня!
Міжнародная алімпіяда па навуках аб Зямлі праводзіцца штогод з 2007 г. пад патранатам Міжнароднай адукацыйнай арганізацыі па навуках аб Зямлі. IESO заклікана павысіць цікавасць школьнікаў, прыцягнуць увагу грамадскасці да навук аб Зямлі, выявіць таленавітых і адораных навучэнцаў у дадзенай прадметнай галіне. У наступным годзе алімпіяду плануюць правесці ў вочным рэжыме ў Пекіне (КНР).
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з сайта Міністэрства адукацыі





