Беларускія студэнты заваявалі прызавыя месцы на Чэмпіянаце высокіх тэхналогій у Расіі

- 11:08Новости

У Вялікім Ноўгарадзе на базе інавацыйнага навукова-тэхналагічнага цэнтра «Інтэлектуальная электроніка — Валдай» праходзіў фінал Чэмпіянату высокіх тэхналогій, у якім удзельнічалі 170 канкурсантаў з Расіі, Беларусі, Азербайджана, Індыі, Ганы, Сірыі і іншых краін, расказала карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнага забеспячэння міжнародных праектаў і конкурсаў прафесійнага майстэрства РІПА Алёна Алюшкевіч.

У складзе каманды Беларусі былі прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, філіяла БНТУ «Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж» і Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Канкурсанты спаборнічалі ў кампетэнцыях, якія па змесце належаць да інтэлектуальнай электронікі. У ліку іх — «Лятаючая робататэхніка», «Геапрасторавая лічбавая інжынерыя», «Нейрасеткі і вялікія даныя», «Тэхналогіі развіцця гарадоў і тэрыторый», «Арганізацыя і кіраванне праектамі ў галіне экалогіі, грамадства, дзяржавы». Пералік кампетэнцый чэмпіянату фарміраваўся на падставе найбольш перспектыўных напрамкаў, якія сёння дынамічна развіваюцца і запатрабаваны ў высокатэхналагічнай вытворчасці, лічбавай эканоміцы і імпартазамяшчэнні.

Паралельна з конкурсам прадугледжвалася дзелавая, прафарыентацыйная і выставачная праграмы. Так, было абмеркавана пытанне, як падрыхтаваць кадры для сучаснай эканомікі і забяспечыць іх запатрабаванасць. Таксама прайшло пленарнае пасяджэнне па тэме стварэння інструмента інтэграцыі сістэмы прафесійнай адукацыі і высокатэхналагічных галін эканомікі, адбылася панэльная дыскусія аб навучанні рабочых спецыялістаў у будучыні. Асаблівую цікавасць выклікала секцыя «Лепшыя міжнародныя практыкі падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў згодна з запытам высокатэхналагічных галін эканомікі», у якой актыўны ўдзел прымала беларуская дэлегацыя. У праграме чэмпіянату былі задзейнічаны прадпрыемствы-партнёры, што дазволіла наблізіць спаборніцтвы да рэальнай дзейнасці, узмацніць узаемадзеянне заказчыкаў кадраў і ўстаноў адукацыі, абмяняцца лепшымі практыкамі.

На працягу трох конкурсных дзён удзельнікі выконвалі розныя заданні. Пасля завяршэння спаборніцтва эксперты праверылі іх выкананне і вызначылі пераможцаў па кожнай кампетэнцыі.

Беларускія навучэнцы добра справіліся з заданнямі. Ва ўсіх трох кампетэнцыях, у якіх выступалі нашы канкурсанты, удалося заваяваць прызавыя месцы. Так, у кампетэнцыі «Тэхналогіі развіцця гарадоў і тэрыторый» сярэбраныя медалі атрымала каманда ў складзе Ганны Мігалені, Ягора Рабчанкава і Паліны Казлоўскай — яны вучацца ў Мінскім дзяржаўным архітэктурна-будаўнічым каледжы. У кампетэнцыі «Геапрасторавая лічбавая інжынерыя» другое месца таксама за беларускай камандай. У яе складзе — студэнты БНТУ Дзмітрый Тунчык, Мацвей Саевіч і Максім Лаза. Лізавета Ярашэвіч з гэтага ж універсітэта стала другой у кампетэнцыі «Лятаючая робататэхніка».

Ала КЛЮЙКО
Фота прадастаўлены РІПА