Мэр Кіева Віталь Клічко высока ацаніў якасць трактароў BELARUS, паведамляецца на афіцыйным сайце Мінскага трактарнага завода, па выніках прэзентацыі беларускай камунальнай тэхнікі кіраўніцтву кіеўскай мэрыі.
Мінскі трактарны завод прадставіў у Кіеве некалькі серый трактароў, прызначаных для гарадской гаспадаркі. З розным навясным абсталяваннем трактары BELARUS прымяняюцца ў работах па прыбіранні і планіроўцы тэрыторый, у будаўніцтве, камунальнай і дарожнай гаспадарцы.
“Мы паспяхова працуем з беларускімі партнёрамі. Набытыя 30 трактароў эфектыўна адпрацавалі ўвесь сезон — без паломак і якіх-небудзь прастояў”, — заявіў Віталь Клічко на экспазіцыі Мінскага трактарнага завода.
Кіеўскі граданачальнік вырашыў асабіста выпрабаваць трактар BELARUS-622. “Уражанні вельмі добрыя. Камунальнай гаспадарцы Кіева такая тэхніка вельмі патрэбна. Мы маем намер размяшчаць новыя заказы і абнаўляць камунальны парк горада”, — расказаў Віталь Клічко журналістам.
Кіеўскія ўлады будуць звяртаць увагу не толькі на цану, але і на якасць прадукцыі, якая пастаўляецца, падкрэсліў мэр. “Беларуская тэхніка адпавядае еўрапейскім стандартам. Мы маем намер і далей працаваць з беларускімі партнёрамі”, — заявіў Віталь Клічко.
Для работы ў гарадской гаспадарцы “МТЗ-Холдынг” распрацавана спецыяльная серыя кампактных трактароў і камунальных машын “ЭкаГорад”, на якія ўстанаўліваюцца рухавікі стандарту Еўра-ЗА магутнасцю ад 36 да 63 конскіх сіл.