Беларускія волаты

- 10:26Выхаванне

Набліжаўся час святкавання Дня абаронцаў Айчыны. Я ўсё думала, як жа цікава расказаць сваім выхаванцам беларускамоўнай групы пра гэтае свята. Мы жывём у краіне, якая мае адметную гісторыю, сваіх слынных абаронцаў, чые імёны павінны жыць у сэрцах суайчыннікаў, прычым з самага маленства.

Пройдзе час — і маіх выхаванцаў чакае цікавае падарожжа ў глыбіню гісторыі, дзе яны будуць з захапленнем слухаць пра вялікіх ваяроў беларускай зямлі — Вітаўта і Ягайлу, якія баранілі зямлю нашу ад крыжакоў, пра выдатнага палкаводца гетмана Канстанціна Астрожскага. Думаю, сэрцы маленькіх беларусаў напоўняцца гонарам, калі яны даведаюцца пра Юрыя Радзівіла, празванага Геркулесам за сваю неверагодную сілу і мужнасць. У трыццаці бітвах яму даставаліся лаўры пераможца. Пасля адной з іх сотні дзяўчат выстраіліся ў чаргу, каб ускласці на галовы князя Юрыя і яго воінаў вянкі з кветак. Беларуская гісторыя багатая на сапраўдных герояў.

Цяпер дзеткі нашай групы вельмі любяць слухаць казкі і цешацца, што ўжо сталі вялікімі і ходзяць у садок. Таму ў Дзень абаронцаў Айчыны я раскажу ім некалькі паданняў пра беларускіх волатаў і асілкаў, якія былі вялікімі і магутнымі, валодалі нечалавечай сілай і дабрынёй і з радасцю дапамагалі простым людям. Я раскажу ім пра неабсяжныя лясы і глыбокія рэкі, пра асаблівую і непаўторную прыгажосць нашай Айчыны, якая панавала ў тыя часы і захавалася да нашых дзён. Любоў да сваёй зямлі нара-джаецца з дзяцінства.

Эдзіта БРАНЦЭВІЧ,
выхавальніца ясляў-сада № 8 Смаргоні.