Беларускія юныя матэматыкі — лепшыя

- 10:45Адукацыйная прастора

Міжнародны турнір юных матэматыкаў (ITYM-2017), у якім прынялі ўдзел дзве беларускія каманды школьнікаў, сёлета праходзіў у горадзе Ясы (Румынія). Абедзве каманды вярнуліся з медалямі. На нашым рахунку — “золата” і “серабро”.

Турнір юных матэматыкаў — гэта калектыўнае (каманднае) спаборніцтва навучэнцаў ва ўменні рашаць складаныя матэматычныя задачы, правільна і пераканаўча падаваць атрыманыя вынікі, аргументавана адстойваць свой пункт гледжання ў публічных дыскусіях. Ён складаецца з некалькіх паслядоўных матэматычных баёў, у якіх каманды па чарзе дакладваюць пра свае даследаванні па прапанаваных заданнях, а таксама выступаюць у ролі апанентаў і рэцэнзентаў для іншых удзельнікаў.

Выступленне каманд Беларусі было ацэнена высока. У склад першай беларускай каманды, якая была ўдастоена “золата”, увайшлі навучэнец гімназіі № 3 Салігорска Яўген Заброцкі, навучэнец гімназіі № 20 Мінска Уладзіслаў Зверык, прадстаўнікі Ліцэя БДУ Пётр Ігнаценка, Васіль Умеранкоў, Анатоль Шаціла, навучэнец гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага Мікалай Шашко.

У склад другой нашай каманды, якая паехала на турнір па сваёй ініцыятыве і атрымала сярэбраны медаль, увайшлі навучэнка гімназіі № 1 Мінска імя Ф.Скарыны Ганна Белешава, Антон Суравешкін з гімназіі № 29 Мінска, навучэнцы Ліцэя БДУ Андрэй Шакель і Аляксандр Казакоў, а таксама дзве гамяльчанкі — Яніна Сандрыгайла (гімназія № 56) і Варвара Драздова (гімназія № 51).

Трэба адзначыць, што асноўнымі ініцыятарамі і арганізатарамі турніру з’яўляюцца матэматыкі двух універсітэтаў: універсітэта Парыж-Сюд (Францыя) і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Увогуле, агульныя правілы правядзення міжнароднага турніру заснаваны на правілах правядзення беларускага турніру юных матэматыкаў. І гэта невыпадкова.

Беларускі турнір праходзіць ужо шмат гадоў, мае даўнія традыцыі і вялікі вопыт (у снежні 2016 года прайшоў 18-ы Рэспубліканскі турнір юных матэматыкаў). Акрамя таго, у спаборніцтве часта прымаюць удзел замежныя каманды: з Расіі, Балгарыі, Казахстана, Украіны (у розныя гады), а таксама члены журы, у тым ліку з Францыі і Расіі.

У склад міжнароднага журы турніру ад Рэспублікі Беларусь уваходзілі дацэнты БДУ Барыс Валянцінавіч Задворны (віцэ-прэзідэнт Міжнароднага арганізацыйнага камітэта), Юрый Леанідавіч Арловіч, Барыс Міхайлавіч Дуброў (член арганізацыйнага камітэта) і дацэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Міхайлавіч Горскі.

У ролі кіраўнікоў каманды выступілі асістэнт факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Яраслаў Задворны і студэнт 2 курса факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Антон Варанько. Вялікая ўдзячнасць за дапамогу ў падрыхтоўцы да турніру дацэнту БДУ Максіму Васькоўскаму, студэнтам БДУ Настассі Хмыз, Мікіту Кандраценку, Мікалаю Прохараву, Ганне Задаражнюк, Ліяне Хазалія і выпускніку Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Вячаславу Мурашку.

На думку спецыялістаў, трэнеры па даследчай працы школьнікаў — гэта прадстаўнікі новай прафесіі ХХІ стагоддзя: трэнер творчых становішчаў у матэматыцы (фізіцы, хіміі, інфарматыцы і г.д.). Станоўчы вопыт падрыхтоўкі такіх спецыялістаў ёсць у БДУ (вучэбна-даследчы цэнтр “Юні-цэнтр-XXI”) і ГДУ імя Ф.Скарыны ў рамках спецыяльнасцей “Матэматыка (навукова-педагагічная дзейнасць)”, “Фізіка (навукова-педагагічная дзейнасць)”, студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Алгебра і геаметрыя складаных сістэм”, у майстэрнях выкладчыкаў універсітэта В.М.Капшая і Г.М.Гадлеўскай.

За гады ўдзелу ў Міжнародным турніры юных матэматыкаў Рэспубліка Беларусь заваявала 5 залатых, 3 сярэбраныя і 4 бронзавыя медалі, што з’яўляецца лепшым вынікам сярод усіх краін — удзельніц міжнародных турніраў юных матэматыкаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.