“Белая Русь”: заўсёды на агульнадзяржаўных і агульнанародных пазіцыях

- 10:52Інфармацыйная гадзіна

III з’езд рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” прайшоў 19 студзеня ў Мінску.

Прывітанне дэлегатам і ўдзельнікам з’езда накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“З усіх рэгіёнаў краіны ваш прадстаўнічы форум сабраў шчырых патрыётаў, людзей актыўнай жыццёвай пазіцыі, якіх аб’ядноўвае імкненне быць карыснымі грамадству і дзяржаве, — адзначыў прэзідэнт. — Створаная па народнай ініцыятыве “Белая Русь” стала па-сапраўднаму масавым рухам, адным са стаўпоў грамадзянскай супольнасці, ядром здаровых і канструктыўных сіл нашай краіны. Ваша цеснае ўзаемадзеянне з органамі ўлады і работа з рознымі слаямі насельніцтва дапамагаюць забяспечваць паспяховае правядзенне сацыяльна-эканамічнай палітыкі дзяржавы”.

Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць, што і ў далейшым аўтарытэт, роля гэтага аб’яднання няўхільна будуць узрастаць. Кіраўнік дзяржавы пажадаў дэлегатам і ўдзельнікам з’езда плённай працы і далейшых поспехаў на карысць роднай Беларусі.

Адкрываючы з’езд, старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў адзначыў, што “Белая Русь” мае кадравы тэхнічны і тэхналагічны патэнцыял, які дае магчымасць эфектыўна і сістэмна ўдзельнічаць у палітычнай, эканамічнай, сацыяльна-духоўнай сферах жыцця беларускага грамадства.

Аляксандр Міхайлавіч заявіў, што “Белая Русь” глядзіць на жыццё краіны з агульнадзяржаўных і агульнанародных пазіцый.

“Паколькі ідэалагічным стрыжнем “Белай Русі” была і застаецца падтрымка палітыкі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, то дзейнасць арганізацыі не факусіруецца вакол барацьбы за ўладу. Гэта дае магчымасць аб’яднанню ўзважана глядзець на ўсе працэсы з агульнадзяржаўных, агульнанародных пазіцый”, — сказаў -Аляксандр Радзькоў.

Паводле яго слоў, “Белая Русь” стала натуральным, агульнанацыянальным, народным рухам. “Гэта пляцоўка для дыялогу прадстаўнікоў розных груп, аб’яднанняў, партый, арыентаваных на супрацоўніцтва з уладай”, — адзначыў Аляксандр Міхайлавіч.

Праведзены аналіз пацвердзіў, што “з улікам сучасных сусветных тэндэнцый у існуючай палітычнай сістэме патэнцыял “Белай Русі” як грамадскага аб’яднання яшчэ не вычарпаны”.

“Белая Русь” за 10 гадоў свайго існавання стала аўтарытэтнай грамадска-палітычнай арганізацыяй і магла б выступаць як самастойны суб’ект палітычных адносін, напрыклад, пераўтварыцца ў партыю. “Аднак прадметна вывучаючы тэндэнцыі, што адбываюцца ў сучасным хутказменлівым свеце, можна заўважыць відавочнае ўзмацненне раз’яднанасці сусветнай супольнасці. Гэта кідае выклік прыхільнікам традыцыйных палітычных партый, левых і правых ідэалогій”, — падкрэсліў Аляксандр Радзькоў.

Залогам яднання грамадства з’яўляецца канструктыўная дыскусія, аснову якой складае філасофія цэнтрызму, што дае шырокі гарызонт для нерадыкальнага палітычнага манеўру.

Аляксандр Радзькоў праінфармаваў, што ў найбліжэйшы час грамадскаму аб’яднанню давядзецца перабудаваць сваю работу, зрушыўшы асноўныя акцэнты “на ідэалагічнае суправаджэнне дзяржаўных рашэнняў, экспертную і аналітычную работу”.

“Белая Русь” павінна даць усім грамадзянам краіны магчымасць выяўляць надзённыя праблемы, уплываць на вырашэнне пытанняў, якія часам тонуць у бюракратычнай валакіце, непасрэдна ўдзельнічаць у экспертызе законапраектаў, выказваць свае прапановы яшчэ на этапе іх распрацоўкі”, — падкрэсліў ён.

“Арганізацыя грамадскага маніторынгу выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы будзе садзейнічаць развіццю грамадскай правасвядомасці, павышэнню даверу грамадзян, папярэджанню і вырашэнню сацыяльных канфліктаў”, — дадаў кіраўнік “Белай Русі”.

Аляксандр Радзькоў лічыць, што настаў час накіраваць палітычны прафесійны вопыт “Белай Русі” і на знешні контур, вызначыць сваю пазіцыю па пытаннях сацыяльна-палітычнага і эканамічнага развіцця краіны.

“Нам бачыцца, што міжнародная дзейнасць “Белай Русі” можа паслужыць умацаванню публічнай дыпламатыі, фарміраванню спрыяльнага для нашай краіны грамадскага меркавання за мяжой, у тым ліку на пляцоўках ААН, ПАСЕ, АБСЕ”, — сказаў таксама Аляксандр Радзькоў.

Паводле слоў старшыні аб’яднання, у час прэзідэнцкіх выбараў 2015 года міжнародныя арганізацыі цесна супрацоўнічалі з “Белай Руссю”, вырашаючы пры яе дапамозе свае пытанні. “Усё, што іх цікавіла, было праз нас. Дарэчы, праверылі ўсю нашу сістэму, усе нашы грамадскія прыёмныя, наш штаб і непасрэдна з намі працавалі. Нават перапіску з прэзідэнтам праз нас вялі”, — заўважыў ён.

“Развіваючы сваю дзейнасць у гэтых напрамках, “Белая Русь” зможа набыць адпаведны палітычны вопыт, пры якім у далейшым стануць магчымы і больш складаныя пераўтварэнні палітычнай сістэмы”, — дадаў Аляксандр Радзькоў.

III з’езд рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” прызнаў работу грамадскага аб’яднання ў 2012—2017 гадах здавальняючай. Галоўнымі напрамкамі ў дзейнасці “Белай Русі” на будучы перыяд вырашана лічыць забеспячэнне грамадскай падтрымкі палітыкі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, развіццё грамадзянскай супольнасці, стымуляванне грамадскай і грамадзянскай актыўнасці праз узаемадзеянне з органамі дзяржаўнай улады на адносінах канструктыўнага супрацоўніцтва.

Аб’яднанне будзе ўдзяляць значную ўвагу кансалідацыі грамадства на вырашэнне задач сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця краіны, правядзенню маніторынгу грамадскай думкі па найважнейшых пытаннях развіцця грамадства. Свае намаганні “Белая Русь” таксама сканцэнтруе на экспертызе законапраектаў і грамадскім кантролі, падтрымцы народнага прадпрымальніцтва.

Акрамя таго, будзе актыўна праводзіцца работа па выяўленні найбольш падрыхтаваных у прафесійным і ідэалагічным плане актывістаў, работа па іх вылучэнні на кіруючыя пасады ў розных галінах народнай гаспадаркі. Звернуць увагу і на фарміраванне пераемнасці ў грамадска-палітычнай рабоце з моладдзю праз умацаванне супрацоўніцтва і выпрацоўку механізмаў узаемадзеяння з Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыяй і Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі.

У “Белай Русі” лічаць важным развіваць публічную дыпламатыю, фарміраваць спрыяльнае грамадскае меркаванне аб краіне за мяжой. Умацаванне раённага звяна, нарошчванне палітычнага вопыту членаў аб’яднання — яшчэ адна з заяўленых задач арганізацыі.

Па выніках з’езда зацверджаны новыя рэдакцыі статута і праграмы РГА “Белая Русь”, выбраны рэспубліканскі савет і цэнтральная кантрольна-рэвізійная камісія грамадскага аб’яднання.

Старшынёй рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” на з’ездзе аднагалосна абраны Генадзь Браніслававіч Давыдзька.