Без бар’ераў

- 14:33Адукацыйная прастора

У 2015 годзе ў Беларусі была зацверджана Канцэпцыя развіцця інклюзіўнай адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі актыўна ўключыўся ў работу па рэалізацыі анцэпцыі: праводзяцца абласныя семінары і канферэнцыі, на якіх абмяркоўваюцца пытанні інклюзіўнай адукацыі, адбываецца абмен вопытам, шукаюцца шляхі ўдасканалення работы ва ўстановах адукацыі ўсіх узроўняў.
Аб стане інклюзіўнай адукацыі, перспектывах, поспехах і асаблівасцях гэтых працэсаў сёння разважаюць спецыялісты ГрАІРА, педагогі і кіраўнікі навучальных устаноў вобласці, дзе развіваецца інклюзіўная адукацыя.

Святлана СЯРГЕЙКА, рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі:

— За апошнія гады ў інстытуце арганізаваны шэраг тэматычных семінараў “Актуальныя пытанні інклюзіўнай адукацыі ў Гродзенскай вобласці”, “Фарміраванне талерантных адносін да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўмовах сумеснага навучання”, “Інтэграцыйныя і інклюзіўныя працэсы ў дашкольнай адукацыі” і іншыя.

У 2016 годзе на сайце інстытута была арганізавана работа форуму па тэме “Фарміраванне ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу талерантных адносін да асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”, у якім прынялі ўдзел як педагогі, так і бацькі.

З дапамогай метадыстаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, якія курыруюць пытанні спецыяльнай адукацыі, супрацоўнікі інстытута стварылі сеткавую суполку, дзе аказваецца метадычная дапамога па рэалізацыі канцэпцыі і прадстаўлены лепшы вопыт.

Інстытут супрацоўнічае з Гродзенскім дзіцячым хоспісам, арганізоўвае сумесныя выставы і мерапрыемствы, якія садзейнічаюць фарміраванню талерантных адносін да асаблівых дзяцей.

Улічваючы, што работа з такімі дзецьмі патрабуе ад спецыялістаў спецыяльнай падрыхтоўкі і спецыяльных ведаў, з 2017 года ў праграму павышэння кваліфікацыі ўключаны лекцыі аб інклюзіўнай адукацыі, яе змесце і перспектывах.

Юлія ХАЛЬКО, метадыст цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ГрАІРА:

— Асаблівых дзяцей трэба разумець і прымаць з іх рознымі здольнасцямі і магчымасцямі. Арганізацыя адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя мае на ўвазе, што пры падтрымцы бацькоў і педагогаў дзіця з праблемамі ў развіцці становіцца звычайным і не адрозніваецца ад іншых членаў грамадства. На жаль, не ўсе з разуменнем адносяцца да праблем дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Некаторыя бацькі не жадаюць, каб іх дзеці вучыліся разам з такімі дзецьмі, а дзеці не наладжваюць кантакт з імі. Адсюль і цяжкасці сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Таму эфектыўнае ўключэнне такога дзіцяці ў адукацыйнае асяроддзе немагчыма без спецыялізаванага псіхолага-педагагічнага суправаджэння інклюзіўнага працэсу. Такое суправаджэнне дазваляе адаптаваць вучэбную праграму, нагрузкі, адукацыйныя тэхналогіі да ўзроставых і індывідуальных магчымасцей і патрабаванняў дзяцей, навучыць педагогаў працаваць з імі, а таксама з іх бацькамі.

Галіна ЕМЯЛЬЯНЧЫК, намеснік дырэктара Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі:

— У праекце “Апрабацыя мадэлі інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах адукацыі” ўдзельнічаюць наш цэнтр і сярэдняя школа № 3 Дзятлава. Папярэднія вынікі навучання ў класах інклюзіўнай адукацыі сведчаць аб станоўчых выніках эксперымента. Апытанне бацькоў пацвердзіла пазітыўныя адносіны да сумеснага знаходжання розных дзяцей.

Гэтаму садзейнічала правядзенне шэрага мерапрыемстваў па прыцягненні ўвагі грамадскасці да праблем дзяцей-інвалідаў, актыўная прапагандысцка-асветніцкая работа з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу па развіцці інклюзіўнай адукацыі. Была арганізавана работа рэсурснага цэнтра па псіхолага-педагагічным суправаджэнні навучэнцаў з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату. Дзейнічае інтэрнэт-блог “Дзятлаўская раённая псіхолага-медыка-педагагічная камісія”, а таксама арганізавана работа віртуальнага метадычнага кабінета на сайце Дзятлаўскага раённага ЦКРНіР і сеткавай суполкі “Настаўнікі-дэфектолагі Дзятлаўскага раёна”.

У кожнай установе адукацыі праводзім творчыя, спартыўныя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы з удзелам навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця: конкурс для развіцця рухальнай актыўнасці “Стартуем разам!”, фестываль творчасці “Няхай заўсёды будзе сонца” і шмат іншых.

Іван КІБІНЬ, дырэктар сярэдняй школы № 3 Дзятлава:

— Наша школа з 2014 года ўдзельнічае ў эксперыментальным праекце “Апрабацыя мадэлі інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах адукацыі”. Фарміраванне талерантных адносін да навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — адзін з прыярытэтных напрамкаў работы школы. Сёння мы разумеем, што інклюзіўная адукацыя — гэта крок насустрач дзіцяці і гуманістычны падыход у спробах змяніць да іх стаўленне ў грамадстве. Вельмі важна не толькі стварыць безбар’ернае асяроддзе, але і зняць унутраныя бар’еры соцыуму.

Для паспяховага ўключэння ў эксперыментальны праект усіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу ў школе арганізавана работа бацькоўскага лекторыя. Праведзены дні адкрытых дзвярэй для бацькоў. Для іх інфармавання выдалі буклеты, аформілі на сайце школы старонку па арганізацыі інклюзіўнай адукацыі.

Педагогі школы атрымалі інструмент стварэння безбар’ернай адукацыйнай прасторы на аснове тэхналогій інклюзіўнай адукацыі, авалодалі новымі кампетэнцыямі, павысілі ўзровень функцыянальнай пісьменнасці, авалодалі тэхналогіяй інклюзіўнай адукацыі. Мы стварылі банк інфармацыйных адукацыйных рэсурсаў па рабоце з інклюзіўнымі тэхналогіямі, пашырылі партнёрскія сувязі, павысілі цікавасць да праблем дзяцей з інваліднасцю.

Апрабацыя мадэлі інклюзіўнай адукацыі дазволіла нашым вучням атрымаць вопыт узаемадзеяння з аднакласнікамі, якія маюць асаблівасці развіцця. Дзеці сталі больш дружалюбнымі, спагадлівымі, цярплівымі, а бацькі атрымалі больш інфармацыі аб дасягненнях сваіх дзяцей, аб тым, чым яны займаюцца пасля ўрокаў.

Сяргей КІСЯЛЁЎ, дырэктар сярэдняй школы № 38 Гродна:

— Наша школа адна з першых у Гродне пачала рэалізацыю праграмы безбар’ернага асяроддзя. Бесперашкодны доступ ва ўсе школьныя памяшканні забяспечваюць пандусы пры ўваходзе, шырокія дзверы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца арганізацыі школьнай мікрапрасторы. Для навучэнцаў інтэграваных класаў выдзелены спецыяльны блок, у якім знаходзяцца школьныя памяшканні, кабінет настаўніка-дэфектолага, група прадоўжанага дня, санітарнае памяшканне, рэкрэацыя для адпачынку на перапынках.

У кабінет настаўніка-дэфектолага набыты спецыяльныя камфортныя парты з лёгка змяняемай вышынёй і вуглом нахілу рабочай паверхні і крэслы, якія адпавядаюць рухальным асаблівасцям дзяцей. Для дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату распрацаваны максімальна зручныя маршруты па школе. Да мадэлявання адукацыйнага асяроддзя далучаюцца дзеці-інваліды і іх бацькі, улічваюцца ўсе іх заўвагі і прапановы.

Праграма безбар’ернага асяроддзя не заканчваецца толькі пандусам ці ўстаноўкай спецыяльнага ліфта. У школе асаблівая ўвага ўдзяляецца ўключэнню ўсіх навучэнцаў у сумесную дзейнасць: працоўную, мастацкую, аздараўленчую, спартыўную, пабудове адносін на аснове павагі асобы кожнага дзіцяці. Уключэнне навучэнцаў з абмежаванымі магчымасцямі ў калектыўную дзейнасць актывізуе іх, развівае самакантроль і ўмацоўвае супрацоўніцтва з іншымі членамі калектыву. У нашай школе створана група псіхолага-педагагічнага суправаджэння “Давер”, спецыялісты стараюцца ліквідаваць праблемы пры адаптацыі навучэнца з парушэннямі развіцця да школьнага жыцця. Адукацыйны працэс у інтэграваных класах ажыццяўляюць настаўнік пачатковых класаў, настаўнік-дэфектолаг, настаўнікі-прадметнікі.

Леакадзія ЦІМАФЕЕВА, загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аграгарадка Парэчча Гродзенскага раёна:

— Пачынаючы з дашкольнага ўзросту адукацыйныя паслугі, паслугі па суправаджэнні дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця павінны аказвацца, як і іншым дзецям. Тут вельмі важная каардынуючая роля ўстановы адукацыі, арганізацыйна-метадычная дапамога па пытаннях фарміравання талерантных адносін. Важна разумець, што асаблівыя дзеці не лепшыя і не горшыя за астатніх, проста ў іх іншыя магчымасці. Трэба звяртаць увагу на тое, што дзіця можа рабіць, што яму па сілах. Менавіта гэта асноўны рэсурс для яго развіцця і адаптацыі да жыцця. Трэба даць магчымасць дзіцяці паспрабаваць усё зрабіць самому. Калі яно просіць дапамагчы — дзейнічаць разам з ім, але не замест яго.

Для бацькоў самае галоўнае — шукаць дакладную праўдзівую інфармацыю, не баяцца задаваць пытанні, вывучаць магчымасці навучання і выхавання дзіцяці. І не замыкацца ў сваіх праблемах — часцей арганізоўваць сямейныя святы, прыцягваць дзіця да іх падрыхтоўкі, запрашаць гасцей, знаходзіць апоры ў бацьках іншых дзяцей з асаблівасцямі.

Святлана СЯРГЕЙКА, рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі:

— У інстытуце распрацоўваецца комплексная праграма суправаджэння педагогаў у інклюзіўным адукацыйным асяроддзі з улікам патрэб рэгіёна, якая пачне ўкараняцца ў 2017/2018 навучальным годзе. Гэтая праграма арыентавана на ўсведамленне ўсімі педагогамі, кіраўнікамі ўстаноў адукацыі інклюзіўнага падыходу пры арганізацыі навучання і выхавання, выбудоўвання сістэмы каштоўнасцей, вызначэнне імі асобасных рэсурсаў і развіццё неабходных кампетэнцый для стварэння інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя. Адметнай асаблівасцю і перавагай праграмы з’яўляецца яе комплекснасць і сістэмны характар і рэалізацыя на кагнітыўным, дзейнасным, эмацыянальным, аксіялагічным узроўнях.

На кагнітыўным узроўні плануецца арганізоўваць павышэнне кваліфікацыі ўсіх педагогаў, якое ставіць мэтай фарміраванне вопыту стварэння інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя, авалодання прадукцыйнымі тэхналогіямі рэалізацыі інклюзіўнага падыходу на ўроку і падчас выхаваўчых мерапрыемстваў, самаразвіцця псіхолага-педагагічных кампетэнцый педагогаў у гэтым кірунку.

Дзейнасны ўзровень будзе рэалізоўвацца праз серыю куставых семінараў, якія ахопліваюць усе раёны Гродзенскай вобласці. Плануецца, што іх удзельнікі засвояць тэхналогіі эфектыўнага выкарыстання асабістых і групавых рэсурсаў для дасягнення значных мэт па стварэнні інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя ва ўстанове адукацыі. Асабліва значнымі на гэтым этапе будуць адкрытыя заняткі і іх калектыўнае абмеркаванне: аналіз мэт, зместу, метадаў, прыёмаў, арганізацыйных форм, умоў, выніковасці, спецыфікі выкладання дысцыпліны пры рэалізацыі інклюзіўнага падыходу.

Атрыманыя на першых узроўнях веды падвядуць педагогаў і кіраўнікоў да выпрацоўкі імі сэнсавых адносін да гэтых ведаў і забяспечаць рэалізацыю эмацыянальнага ўзроўню стратэгічнай праграмы. Эмацыянальны кампанент кампетэнтнасці будзе пабуджаць да актыўнасці, перавядзе педагогаў з пазіцыі пасіўнага выканаўцы інструкцый і прадпісанняў у пазіцыю суб’екта прафесійнай дзейнасці і стварэння інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя. Вялікае значэнне, на нашу думку, будуць мець прагляд і наступны аналіз спецыяльна арганізаваных майстар-класаў настаўнікаў-метадыстаў — удзельнікаў рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, дэманстрацыя шляху рэалізацыі інклюзіўнага падыходу ў прафесіі. Рэфлексія ўбачанага ў кантэксце стратэгічнай праграмы дапамагае істотна пашырыць уяўленне ўдзельнікаў аб магчымых варыянтах, тактыках і стратэгіях стварэння інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя.

Чацвёрты ўзровень — аксіялагічны (каштоўнасна-сэнсавы) — з’яўляецца інтэгрыруючым і рэалізуецца праз самаадукацыю, настаўніцтва і сеткавую суполку педагогаў, створаную на базе ГрАІРА. Праз сеткавую суполку ажыццяўляецца сумесная работа над вучэбна-метадычным забеспячэннем прадметнага выкладання ў рэжыме рэальнага часу, распрацоўваюцца новыя прыёмы і метады рэалізацыі інклюзіўнага падыходу на ўроку. Дзякуючы суполкам, кожны педагог і кіраўнік атрымлівае, з аднаго боку, падтрымку вопытных педагогаў-майстроў, гатовых падзяліцца сваім лепшым вопытам. З другога боку, кожны ўдзельнік суполкі атрымлівае настаўніка з ліку метадыстаў інстытута. Паралельна сеткавая суполка дазваляе педагогам даведацца аб моцных і слабых баках у працы калег, разам развіваць і распаўсюджваць перадавы вопыт стварэння інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя, атрымліваць прафесійную ўзаемадапамогу. Супрацоўніцтва членаў суполкі ажыццяўляецца з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій, у тым ліку і воблачных.

На аксіялагічным узроўні будзе ажыццяўляцца зборка ўсёй стратэгічнай праграмы. Педагогі пад кіраўніцтвам выкладчыкаў ГрАІРА, на аснове вызначэння зыходнага ўзроўню прафесіяналізму, з дапамогай вывучэння сваіх магчымасцей, патрэб і запытаў, выяўлення праблем, з якімі яны сутыкаюцца ў працэсе работы па рэалізацыі інклюзіўнага падыходу, пабудуюць індывідуальныя траекторыі стварэння інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя.

Падрыхтавала
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.