Без правільнага планавання цяжка дасягнуць вынікаў

- 10:40Інфармацыйная гадзіна

Планы развіцця раёнаў Беларусі на 2018 год павінны быць прадстаўлены ў Міністэрства эканомікі да 1 снежня 2017 года, паведамляе сайт ведамства.

Абарона планаў будзе праводзіцца з выездам у рэгіёны пад кіраўніцтвам міністра эканомікі і з удзелам прадстаўнікоў зацікаўленых органаў дзяржаўнага кіравання.

1 лістапада ў Мінэканомікі адбыўся семінар па распрацоўцы планаў развіцця абласцей, Мінска, раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання на 2018 год. У ім прынялі ўдзел намеснікі міністра эканомікі Аляксандр Чарвякоў і Дзмітрый Матусевіч, прадстаўнікі міністэрстваў архітэктуры і будаўніцтва, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання, працы і сацыяльнай абароны, транспарту і камунікацый, канцэрнаў “Беллегпрам”, “Беллеспаперапрам”, “Белнафтахім” і “Белдзяржхарчпрам”, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама і раённых выканаўчых камітэтаў.

“У нас на ўзроўні рэспублікі і на ўзроўні абласцей распрацоўваюцца праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяць гадоў, якія потым разгортваюцца ў штогадовых прагнозах. На ўзроўні раёна існуюць толькі пяцігадовыя праграмы, афіцыйнага гадавога прагназавання ніхто не ажыццяўляе. І з’яўляецца праблема з тым, каб убачыць, як звязаны прадпрыемствы, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёнаў, як з іх бізнес-планаў складваецца эканоміка рэгіёна”, — растлумачыў Аляксандр Чарвякоў.

Асабліва востра пытанне прагназавання паўстала ў час паездак рабочых груп з прадстаўнікоў Мінэканомікі, Мінпрацы і сацыяльнай абароны і Мінбудархітэктуры ў рэгіёны краіны ў сакавіку — красавіку бягучага года. Тады ў ходзе сустрэч у аблвыканкамах і на прадпрыемствах была неаднаразова акрэслена гэтая праблема,асабліва ў сферах будаўніцтва і інвестыцый.

“Наступны год — сярэдзіна пяцігоддзя, і мы павінны дакладна выйсці на тыя параметры, якія прыняты на V Усебеларускім сходзе. Перад намі стаіць вельмі адказная і напружаная задача. І без правільнага планавання, арганізаванага па схеме “прадпрыемства — раён — вобласць — краіна”, яе будзе вельмі цяжка дасягнуць. Паколькі вы зоймецеся такім прагназаваннем упершыню, падыходы будуць дзесьці спрошчаны. Але асноўныя моманты, тыя, што даюць магчымасць вызначыць траекторыі выхаду на запланаваны ўзровень валавога рэгіянальнага прадукту, павінны быць падлічаны”, — адзначыў Аляксандр Чарвякоў, звяртаючыся да ўдзельнікаў семінара.

У аснову гадавога планавання будуць пакладзены бізнес-планы прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна. У сувязі з гэтым асаблівую важнасць набывае ўзаемадзеянне рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і мясцовай улады, работа ў тандэме, накіраваная на развіццё тэрыторыі. У планах развіцця павінен быць рэалізаваны галіновы падыход, прапрацаваны пытанні інвестыцый у будаўніцтва, знешняй эканамічнай дзейнасці, прадугледжаны меры па развіцці малога і сярэдняга бізнесу.

“Яшчэ адно важнае пытанне — рост даходаў мясцовых бюджэтаў ад працоўнай дзейнасці. Гэта тыя даходы, якія застаюцца ў рэгіёне. Пакуль гэты паказчык будзе разліковым. Мы разам з Навукова-даследчым эканамічным інстытутам Мінэканомікі адпрацуем методыку разліку і на працягу года будзем, пры неабходнасці, яе дапрацоўваць, каб праз год выкарыстаць гэты паказчык у якасці аднаго з мэтавых”, — растлумачыў намеснік міністра эканомікі.

Пры гэтым Аляксандр Чарвякоў сказаў аб недапушчальнасці ўмяшання прадстаўнікоў мясцовых органаў улады ў гаспадарчую дзейнасць прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці.