VI Усебеларускі народны сход стаў значнай падзеяй для прадстаўнікоў сістэмы адукацыі нашай краіны. На ім былі агучаны перспектывы развіцця адукацыі, яе асноўныя задачы і праблемы. Шмат пра адукацыю гаварыў прэзідэнт. Сваімі ўражаннямі падзяліліся ўдзельнікі сходу.
Міністр адукацыі краіны Ігар КАРПЕНКА:
— Падчас VI Усебеларускага народнага сходу прэзідэнт краіны вельмі дакладна абазначыў асноўныя напрамкі развіцця сістэмы адукацыі.
На выніковай калегіі Міністэрства адукацыі мы абмяркуем і ўзгоднім алгарытм нашага ўзаемадзеяння па ўдасканаленні адукацыйнай сістэмы.
Безумоўна, працягнем работу па ўкараненні найноўшых тэхналогій. Ужо цяпер ідзе актыўная работа ў гэтым кірунку.
Міністэрства адукацыі рэалізоўвае праект па аснашчэнні навучальных устаноў мультыбордамі, пачынаем пастаўляць 3D-прынтары. Цяпер у школах актыўна развіваецца Scratch-праграмаванне, робататэхніка.
Пачаў працаваць дзіцячы тэхнапарк, дзе здольныя вучні змогуць рэалізоўваць свае адукацыйныя запыты з дапамогай высокакваліфікаваных педагогаў. У тэхнапарку для іх сумеснай дзейнасці створаны камфортныя ўмовы, прадстаўлена сучаснае вучэбнае абсталяванне.
Каранавірус прымусіў нас перагледзець падыходы да арганізацыі дыстанцыйнага навучання. Каб дапамагчы педагогам, быў створаны спецыяльны метадычны электронны рэсурс, дзе выкладзены відэаўрокі, практычныя заданні, тэарэтычныя матэрыялы. І будзем працягваць работу ў гэтым кірунку.
Прэзідэнт адзначыў, што варта дыферэнцыравана падысці да фармату ўступнай кампаніі. Міністэрства адукацыі ўжо ўнесла адпаведныя прапановы ў Адміністрацыю прэзідэнта.
Многія навучэнцы і бацькі падтрымліваюць сістэму сумяшчэння выпускных экзаменаў у школе і элементаў уступных іспытаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Гэтыя змены дапамогуць абітурыентам больш усвядомлена ставіцца да выбару будучай прафесіі, каб не бегаць у роспачы ў апошнія дні падачы дакументаў ва ўніверсітэты. Акрамя таго, такі падыход дапаможа больш актыўна развіваць работу па прафілізацыі школьнікаў.
У той жа час, як падкрэсліў прэзідэнт, у Беларусі не будуць адмаўляцца ад прынцыповых падыходаў: дзяржпадтрымка, мэтавы набор, бясплатнасць, справядлівасць і роўны доступ да якаснай адукацыі, гарантаванае першае працоўнае месца. Не зменіцца класна-ўрочная сістэма.
Прэзідэнт падкрэсліў, што настаўнікаў неабходна вызваліць ад папяровай цяганіны, таму мы звернемся да гэтага пытання. Мы яго стараемся трымаць на кантролі пастаянна.
Адной з задач сістэмы адукацыі прэзідэнт назваў выхаванне грамадзяніна. Гэта задача не толькі сям’і. Многае тут залежыць ад асобы настаўніка, ад арганізацыі выхаваўчай работы ў школе. І сёння ў педагогаў і класных кіраўнікоў дастаткова інструментаў для арганізацыі якаснай выхаваўчай работы. У шосты школьны дзень і не толькі дзецям прапануецца вялікая колькасць цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў. Разам з тым мы будзем развіваць і ўдасканальваць сістэму выхаваўчай работы.
Асобная работа павінна весціся з моладдзю. Прэзідэнт правільна сказаў, што ўсе, хто працуе з сучаснай моладдзю, павінны разумець, што гэта якасна новы пласт людзей з уласнымі поглядамі і каштоўнаснымі ўстаноўкамі. У сувязі з гэтым работа з прадстаўнікамі сучаснага маладога пакалення павінна будавацца на дыялогу.
З маладымі людзьмі трэба размаўляць як з роўнымі сабе. Яны гэта добра ўспрымаюць. І вельмі важна, каб яны разумелі каштоўнасць здабыткаў нашай краіны. За моладдзю — будучыня, але вельмі важнай з’яўляецца пераемнасць пакаленняў, усведамленне таго, што без цяжкай працы паспяховым і багатым ніколі не будзеш.