Без вопыту, але з аптымізмам

- 11:02Адукацыйная прастора

глядзяць у прафесійную будучыню маладыя педагогі Брэста

У Брэсце прайшоў VІ адкрыты мікрафон “Малады педагог: пачатак працоўнай дзейнасці”, арганізаваны гаркамам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, гарадскім аддзелам і раённымі ўпраўленнямі па адукацыі. У мерапрыемстве, якое праходзіла ў анлайн­фармаце і сабрала каля 200 маладых спецыялістаў, удзельнічалі прадстаўнікі гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза, начальнік аддзела па адукацыі гарвыканкама А.М.Наскоў, кіраўнікі ўстаноў адукацыі і ветэраны педагагічнай працы.

З метадычным суправаджэннем

— Сёння ў Брэсце працуюць 127 устаноў адукацыі, якія наведваюць каля 43 тысяч вучняў і каля 17,3 тысячы дашкольнікаў, — расказаў начальнік гарадскога аддзела па адукацыі А.М.Наскоў. — У адукацыйным працэсе задзейнічаны каля 5,3 тысячы педагогаў. Штогод у школы і дзіцячыя сады горада прыходзяць 150—190 маладых спецыялістаў, пераважна выпускнікоў універсітэтаў і каледжаў Брэстчыны. Органы кіравання адукацыяй з дапамогай прафсаюзнай арганізацыі і пры сур’ёзнай падтрымцы гарвыканкама ствараюць неабходныя ўмовы для паспяховай адаптацыі, прафесійнага росту і замацавання маладых кадраў. На сістэму адукацыі Брэста расходуецца каля 37% гарадскога бюджэту.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 11 Ю.Ю.Пятручык расказала пра сістэму метадычнага суправаджэння маладых спецыялістаў. Па словах Юліі Юр’еўны, самым складаным этапам з’яўляецца іх адаптацыя, важную ролю ў якой адыгрывае дыягностыка псіхалагічных асаблівасцей, прафесійнай кампетэнтнасці, метадычнай падрыхтоўкі і камунікабельнасці педагогаў. Вялікая ўвага ўдзяляецца вывучэнню школьнай дакументацыі, нарматыўных прававых дакументаў у сферы адукацыі, інструктыўна-метадычных пісьмаў і рэкамендацый галіновага міністэрства.

— Адміністрацыя школы стварае належныя ўмовы для прафесійнага і творчага развіцця маладых педагогаў, матэрыяльнага стымулявання іх працы, — паведаміла Ю.Ю.Пятручык. — Сёння ва ўстанове працуюць 44 маладыя спецыя­лісты, 19 з якіх — першага года работы, што складае чвэрць педкалектыву. Для іх дзейнічаюць школы маладога настаўніка пачатковых класаў і замежных моў, арганізаваны творчыя групы і метадычныя аб’яднанні, праводзяцца навучальныя семінары і вэбінары. За маладымі спецыялістамі замацаваны куратары з ліку вопытных і аўтарытэтных педагогаў, якія право­дзяц­ь кансультацыі, складаюць планы работы, арганізоўваюць узаеманаведванне ўрокаў, а падчас штогадовых тыдняў маладога настаўніка ў маі аналізуюць вынікі прафесійнай дзейнасці сваіх падапечных. Што да кансультацый, то яны праходзяць у форме абмеркавання складаных адукацыйных сітуацый, што выкліка­юць асаблівыя цяжкасці ў маладых калег. У школах маладога настаўніка ладзяцца дыскусіі па актуальных пытаннях, даюцца практычныя рэкамендацыі і інш.

Па словах Ю.Ю.Пятручык, актыўная карпаратыўная метадычная работа ў розных формах (майстар-класы, адкрытыя ўрокі, семінары, практыкумы, міні-лекцыі) дазваляе маладым педагогам развіваць прафесійныя кампетэнцыі і не адчуваць сябе абмежаванымі ў прафесійным плане. Дуальнае куратарства стварае выдатныя ўмовы для самаўдасканалення і ўзаеманавучання маладых педагогаў і педагогаў са стажам. У залежнасці ад мэт і з улікам псіхалагічнай сумяшчальнасці партнёраў фарміруюцца праблемна-творчыя пары. Падобны фармат супрацоўніцтва адыгрывае важную ролю ў мадэрнізацыі асяроддзя прафесійнага ўзаемадзеяння ў сучаснай школе. Так, яркім прыкладам эфектыўнага ўзаемадзеяння з’яўляецца тандэм маладой настаўніцы пачатковых класаў Н.В.Кавальчук і настаўніцы пачатковых класаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі З.Г.Манічавай. Вынік іх сумеснай работы — дыплом ІІІ ступені, атрыманы на гарадскім фестывалі тэатраў “Батлейка”.

Вялікую дапамогу ў рабоце з маладымі спецыялістамі аказвае раённы вучэбна-метадычны кабінет, які праводзіць дыстанцыйныя вэбінары і розныя конкурсы прафесійнага развіцця, а таксама гарадская прафсаюзная арганізацыя, якая ладзіць штогадовы маладзёжны форум педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст”. Маладыя педагогі 11-й школы — актыўныя яго ўдзельнікі. Акрамя таго, сумесная работа 12 маладых настаўнікаў адзначана дыпломам І ступені ў конкурсе “Літаратурная Брэстчына”. Маладыя спецыялісты вынікова працуюць і з адоранымі вучнямі, пра што сведчаць іх дыпломы ў раённых прадметных алімпіядах. Педагогі з лідарскімі якасцямі і актыўнай грамадзянскай пазіцыяй уваходзяць у склад маладзёжнага савета настаўнікаў устаноў адукацыі Брэста і маладзёжны парламент.

Органы кіравання адукацыяй з дапамогай прафсаюзнай арганізацыі і пры сур’ёзнай падтрымцы гарвыканкама ствараюць неабходныя ўмовы для паспяховай адаптацыі, прафесійнага росту і замацавання маладых кадраў.

Старшыня маладзёжнага савета гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза настаўніца беларускай мовы і літаратуры В.В.Дзяйнека з сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована расказала пра дзей­насць гэтага савета, створанага ў 2015 го­дзе з мэтай грамадскай, творчай і прафесійнай самарэалізацыі маладых педагогаў, вырашэння іх прафесійных і сацыяльных праблем, паспяховай адаптацыі ў калектывах і замацавання на працоўных месцах, далучэння да прафсаюзнай работы, падтрымкі маладзёжных ініцыятыў і павышэння прэстыжу настаўніцкай прафесіі. На рахунку членаў савета шмат цікавых і карысных спраў, праектаў і мерапрыемстваў.

Прафесійныя сакрэты

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 пераможца VІ Брэсцкага маладзёжнага форуму педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст” Н.В.Цупрунюк прызналася, што быць маладым спецыялістам вельмі здорава, бо наперадзе столькі часу, каб развівацца і даведвацца шмат новага. Настасся Вадзімаўна другі год працуе ў роднай школе. Былую вучаніцу тут сустрэлі з радасцю. Вопытныя калегі заўсёды прыходзяць на дапамогу.

Настаўніца развіваецца разам са сваімі маленькімі чамучкамі. Каб зацікавіць іх, выкарыстоўвае розныя метады, прыёмы і формы работы. Асабліва выніковае спалучэнне гульняў і праблемнага навучання. Дзецям вельмі падабаюцца экскурсіі, падчас якіх яны пазнаюць навакольны свет. Педагог імкнецца быць для выхаванцаў не толькі настаўнікам, але і сябрам, аднадумцам. Шмат увагі яна ўдзяляе раскрыццю творчых здольнасцей дзяцей, узаемадзеянню з бацькамі. У педагагічнай прафесіі Н.В.Цупрунюк не расчаравалася і з аптымізмам глядзіць у сваю прафесійную будучыню.

Настаўніца матэматыкі гімназіі № 5 пераможца V Брэсцкага маладзёжнага форуму педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст” П.А.Беленькая па­дзялілася прафесійнымі сакрэтамі, якія дапамагаюць павышаць матывацыю дзяцей да вывучэння дакладных навук. У школьныя гады будучы педагог марыла стаць чараўніцай, актрысай, псіхолагам, а стала настаўніцай, аб чым зусім не шкадуе, бо гэтая прафесія дазваляе быць усімі імі. П.А.Беленькая выдатна рашае ўраўненні і спадзяецца, што зможа паспяхова рашыць ураўненне на знахо­джанне шляху да сэрцаў дзяцей.

У канструктыўным супрацоўніцтве

— Прафсаюз дазваляе моладзі адчуць сябе абароненай, пашырыць гарызонты сваіх магчымасцей, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, рэалізаваць сябе ў любімай справе, раскрыць творчы і спартыўны патэнцыял, павысіць сацыяльную актыўнасць, развіць лідарскія і многія іншыя важныя якасці, — расказала старшыня гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза І.А.Жак. — Штогод ва ўстановы адукацыі Брэста прыходзіць шмат маладых спецыялістаў. Так, летась іх было 159, сёлета 197. Задача прафсаюза — дапамагчы маладым педагогам у прафесійным станаўленні і развіцці, абараніць іх прафесійныя і сацыяльныя інтарэсы. З гэтай мэтай ва ўстановах адукацыі развіваецца інстытут куратарства. Не застаюцца ў баку ад работы з моладдзю і пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі. Разам з гарадскім аддзелам і раённымі ўпраўленнямі па адукацыі праводзіцца шмат цікавых мерапрыемстваў: адкрыты мікрафон “Малады педагог: пачатак працоўнай дзейнасці” (для маладых педагогаў першага года работы), педагагічная гасцёўня “Працяг будзе?” (з удзелам педагогаў другога года работы) і маладзёжны форум педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст”. Рэалізуецца праект “Педагагічныя дынастыі”, мэта якога заключаецца ў прапагандзе педагагічнай прафесіі, павышэнні яе прэстыжу і абагульненні перадавога педагагічнага вопыту. Наладжана канструктыўнае супрацоўніцтва з сацыяльнымі партнёрамі ў галіне развіцця і ўдасканалення калектыўна-дагаворных адносін, у тым ліку ў інтарэ­сах маладых спецыялістаў.

Загадчыца сектара па працы Цэнтра Ленінскага раёна Брэста па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый К.Ю.Хмялеўская падрабязна расказала маладым спецыялістам, якім чынам фарміруюцца іх заробкі. Галоўны спецыяліст гарадской прафсаюзнай арганізацыі Н.П.Андранюк засяродзіла ўвагу на сацыяльных гарантыях для маладых педагогаў і ролі галіновага прафсаюза ў развіцці іх сацыяльнай актыўнасці. Пра прэстыж педагагічнай прафесіі вяла гаворку старшыня савета ветэранаў працы ўстаноў адукацыі Брэста Г.Т.Анішчук. 

Маладыя педагогі ахвотна дзяліліся ўражаннямі ад работы, прафесійнымі цяжкасцямі і планамі. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі расказалі пра свой шлях у прафесію і далі шэраг карысных парад: павышаць прафесійны ўзровень, займацца самаадукацыяй, верыць ва ўласныя сілы, прызнаваць памылкі (у тым ліку перад дзецьмі), любіць вучняў, быць адказнымі, ініцыятыўнымі, творчымі і патрабавальнымі да сябе. Хочацца спадзявацца, што моладзь не толькі прыслухаецца да гэтых парад, а галоўнае — застанецца ў прафесіі, як зрабілі ў свой час сённяшнія ветэраны педагагічнай працы.

— Я вельмі люблю сваю работу і зусім не шкадую, што прысвяціў ёй 31 год жыцця, — прызнаўся начальнік гарадскога аддзела па адукацыі А.М.Наскоў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.