Безумоўны давер

- 9:51Авторские колонки, Мнение

Гартаючы чарговы нумар і любуючыся яркімі здымкамі моладзі з розных абласцей Беларусі, злавіла сябе на думцы: “Добра было б, каб цяперашнія героі газетных палос захавалі “Настаўніцкую” са сваім дэбютам ра­зам з прыхільнасцю да лепшай і самай галоўнай прафесіі — настаўніка”.

Кацярына МАЦЕВІЧ

Памятаю, на апошні ў пачатковых класах бацькоўскі сход першая настаўніца майго старэйшага сына прыйшла з газетай. Але не такой, якой мы прывыклі бачыць перыёдыку сённяшняга дня: з вялікай колькасцю каляровых фота і буйнымі загалоўкамі. Гэта была газета ўжо нязвыклага нам фармату А2 з рэдкімі ілюстрацыямі… Але вельмі важная для яе асабіста.

Пажоўклыя ад часу старонкі абласнога перыядычнага выдання амаль 40-гадовай даўнасці расказвалі пра першы ў жыцці Дзень ведаў маладой настаўніцы Аксаны Антонаўны Варожкі са школы ў самым цэнтры Гродна. У размове з журналістам яна тады выказала падзяку свайму педагогу, па прыкладзе якога выбрала прафесію. Зачытаўшы свае словы з артыкула, яна падзялілася з намі — бацькамі свайго апошняга выпуску, з якім хваляваннем чакала першай сустрэчы з бацькамі першых сваіх першакласнікаў…

Пасля заканчэння каледжа шлях у прафесіі педагога яна пачынала ў 18 гадоў і была маладзейшай за ўсіх мам і татаў, якія даверылі ёй сваіх дачок з сынамі. У гутарках з сённяшнімі маладымі спецыялістамі часта даво­дзіцца чуць якраз пра такія хваляванні. І гаворыць гэта галоўным чынам не пра нейкую няўпэўненасць, а пра высокую ступень адказнасці і ўсведамленне яе маладымі педагогамі.

Фота з архіва рэдакцыі носіць ілюстрацыйны характар

Хочацца, каб у кожнага крок праз гэтую ўнутраную перашкоду быў такім, як у першай настаўніцы майго сына. Безумоўны давер і аўтарытэт яна заваявала практычна адразу і ўспамінала, што на сходзе ў канцы першага навучальнага года да яе быў звернуты ўжо зусім іншы погляд бацькоў. Гаворачы аб тым, якой класнай класнай яна стала для сваіх пачаткоўцаў, прывяду прыклад зноў жа з успамінаў Аксаны Антонаўны: усім класам дзеці з бацькамі прыйшлі павіншаваць маладога педагога ў ЗАГС у дзень яе вяселля. І пра такую прыемную нечака­насць ёй і сёння нагадвае агульны здымак гасцей урачыстасці, на першым плане якога — дзеці з бацькамі першага набору.

Вяртаючыся да нумара газеты з амаль 40-гадовай гісторыяй з архіва першай і самай любімай настаўніцы майго сына, не магу не адзна­чыць яшчэ адзін важны момант. На чатырох газетных палосах (кожная з якіх як дзве сённяшнія!) размешчаны ўсяго дзве фатаграфіі — члена ЦК КПСС і… маладой настаўніцы Аксаны Антонаўны. Важнасць і значнасць педагога выразна адчувалася нават у такіх прыкладах. Зрэшты, і на нядаўнім Рэс­публіканскім педсавеце ў адным шэрагу прэзідыума разам з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў і пераможца конкурсу “Настаўнік года — 2023”.