Арганізацыю работы бібліятэк ва ўмовах профільнага навучання абмеркавалі на рэспубліканскім семінары, які адбыўся ў Гродне. Удзел у ім прынялі спецыялісты аддзелаў адукацыі, раённых вучэбна-метадычных кабінетаў, якія курыруюць работу бібліятэк, бібліятэчныя работнікі, настаўнікі. Арганізавалі семінар Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі.
Перад пачаткам работы семінара яго ўдзельнікі азнаёміліся з прэзентацыяй работы дзесяці бібліятэк устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гродзеншчыны. Тут былі прадстаўлены экспазіцыі “Праз кнігу — у свет прафесій” Ваўкавыскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета, “Мабільная бібліятэка” сярэдняй школы № 16 Ліды, “Выкарыстанне электронных сродкаў навучання для павышэння матывацыі навучэнцаў ва ўмовах профільнага навучання” гімназіі Смаргоні і інш.
— Галоўная мэта семінара — паказаць новыя кірункі дзейнасці бібліятэк і азнаёміць з вопытам работы бібліятэк навучальных устаноў Гродзеншчыны па фарміраванні інфармацыйнай культуры навучэнцаў, павысіць прафесійную і педагагічную кампетэнцыю супрацоўнікаў бібліятэк, — гаворыць рэктар ГрАІРА Святлана Сяргейка.
С.А.Сяргейка расказала ўдзельнікам семінара аб навукова-метадычным суправаджэнні дзейнасці бібліятэкараў у Гродзенскай вобласці ва ўмовах профільнага навучання.
— З мэтай прадастаўлення пастаяннай, сістэмнай, індывідуальнай, метадычнай дапамогі школьным бібліятэкарам, якія працуюць ва ўмовах профільнага навучання, на перыяд паміж планавымі павышэннямі кваліфікацыі ў ГрАІРА створана віртуальная сістэма бесперапыннай падтрымкі бібліятэчнай інавацыйнай дзейнасці, якая ўключае дыстанцыйныя курсы і майстар-класы, інтэрнэт-канферэнцыі і інтэрнэт-семінары; вэбінары і электронную рассылку інфармацыйных матэрыялаў; форум, блогі, суполкі. Створана сеткавая суполка школьных бібліятэчных работнікаў, сістэма сеткавага ўзаемадзеяння паміж бібліятэкарамі, якія працуюць ва ўмовах профільнага навучання, — паведаміла С.А.Сяргейка.
Аб ролі бібліятэк устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў фарміраванні інфармацыйнай культуры навучэнца ва ўмовах профільнага навучання гаварыла галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Булаўкіна. Выступленне начальніка ўпраўлення вучэбнага кнігавыдання Нацыянальнага інстытута адукацыі Алены Сігаевай было прысвечана пытанням фарміравання фонду вучэбнай літаратуры ўстаноў адукацыі як неабходнай умовы павышэння якасці профільнага навучання.
Для ўдзельнікаў семінара былі арганізаваны майстар-класы: “Формы прыцягнення навучэнцаў да сістэматычнага чытання ў школьнай бібліятэцы” (сярэдняя школа г.п.Мір), “Стварэнне анлайн-газеты ў профільным навучанні” (гімназія № 1 імя К.Каліноўскага Свіслачы), “Праект “Кніжная закладка” (сярэдняя школа № 5 Навагрудка і Валеўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Навагрудскага раёна), “Бібліяквест як актыўная форма развіцця ўмення навучэнцаў працаваць з інфармацыяй” (гімназія № 1 Слоніма), “Стварэнне буктрэйлера па кнізе М.Твэна “Прынц і жабрак” (Суботніцкая сярэдняя школа Іўеўскага раёна), “Квест “Паляўнічыя на скарбы” (гімназія № 1 Астраўца).
У другі дзень работы семінара яго ўдзельнікі наведалі навучальныя ўстановы Гродзенскага раёна і Гродна — Квасоўскую сярэднюю школу, сярэднюю школу № 38 і ліцэй № 1.
— У кожнай навучальнай установе мы ўбачылі вельмі цікавы вопыт, — гаворыць А.Р.Сігаева. У 38-й школе загадчык бібліятэкі Людміла Сямёнаўна Чыркова зацікаўлівае дзяцей праектнай дзейнасцю, праводзіць шмат мерапрыемстваў з бацькамі вучняў. Іна Уладзіміраўна Балуева з ліцэя № 1 паказала, як вядзецца інфармацыйна-бібліяграфічнае суправаджэнне профільнага навучання. У Квасоўскай сярэдняй школе нам прадэманстравалі прымяненне тэхналогій дапоўненай рэальнасці ў стварэнні буктрэйлераў для павышэння чытацкай цікавасці да вывучэння замежнай мовы. Такая дзейнасць дэманструе вялікі патэнцыял бібліятэк, творчы падыход да работы іх супрацоўнікаў.
Удзельнікі семінара “Арганізацыя работы бібліятэк ва ўмовах профільнага навучання” пабывалі таксама ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф.Карскага і азнаёміліся з дзейнасцю мультыцэнтра “Совушка”, праект якога рэалізоўваецца па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна”.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.