Бізуном ці пернікам?

- 14:12Псіхолаг у школе, Сацыяльны ракурс

Большасць адхіленняў у паводзінах дзяцей і падлеткаў маюць адну прычыну — сацыяльную дэзадаптацыю. Сацыяльна дэзадаптаванае дзіця часта знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і  з’яўляецца ахвярай: яго правы на паўнавартаснае развіццё парушылі. Адказ дзіцяці праяўляецца пратэстам: сыходам з дому, бадзяжніцтвам, ужываннем алкаголю, наркотыкаў, снюсаў.

Пра тое, якія бацькі рызыкуюць атрымаць дзіця з дэз­адаптацыяй і чым яна выклікаецца, расказала псіхолаг намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў Ганна Мікалаеўна Кніга. 

— Ганна Мікалаеўна, што адбываецца ў сям’і, дзе расце дэзадаптаванае дзіця? 

— Дэзадаптаванае дзіця, як правіла, расце ў дэзадаптаванай сям’і. Сацыяльная дэзадаптацыя — гэта парушэнне ўзаемадзеяння дзіцяці,  дарослага з асяроддзем, якое характарызуецца немагчымасцю ажыццяўлення ў канкрэтных умовах сваёй пазітыўнай сацыяльнай ролі, якая адпавядае магчымасцям асобы.

Гаворачы аб сацыяльнай дэзадаптацыі непаўналетніх, мы павінны ўлічваць, што дзяцінства — гэта перыяд інтэнсіўнага фізічнага, псіхічнага і сацыяльнага развіцця. Ёсць яшчэ адзін спосаб збегчы ад праблем — эксперыменты з алкаголем, наркотыкамі і іншымі псіхаактыўнымі рэчывамі, а таксама ­здзяйсненне правапарушэнняў.

Такім чынам, сацыяльная дэзадаптацыя выклікаецца сукупнасцю фактараў сацыяльнага, эканамічнага, псіхалагічнага і псіхасаматычнага характару і прыводзіць да ізаляцыі, пазбаўлення або страты падлеткам асноўнай патрэбы  ў паўнавартасным развіцці і сама­рэалізацыі.

Да прычын сацыяльнай дэз­адаптацыі непаўналетніх, якія ля­жаць у аснове адыктыўных паводзін, адносяць дысфункцыянальнасць сям’і, аб’юзіўныя зносіны, узроставыя, характаралагічныя, псіхічныя асаблівасці, а таксама школьную дэзадаптацыю, уздзеянне асацыяльнага нефармальнага асяроддзя і інш. 

— Але ці заўсёды першасная прычына ўзнікнення адыктыўных паводзін — гэта баць­кі? 

— Так, сям’я — гэта асноўнае, першаснае месца, дзе адбываецца сацыялізацыя дзіцяці. Часта дзеці становяцца ахвярамі сямейнага гвалту, трапляючы пад уплыў бацькоў-аб’юзераў, якія маюць розныя віды залежнасцей. З усіх дэфектаў сацыялізацыі асобы найбольш небяспечнымі з’яўляюцца менавіта тыя, што ідуць з сям’і. Працэс сацыялізацыі ў сям’і прадугледжвае, што бацькі хваляць паводзіны дзіцяці. А тое, як сябе паводзяць мама і тата, да пэўнага ўзросту становіцца эталонам, прыкладам для непаўналетняга. Веданне бацькоўскіх норм-узораў і мадэляў паводзін дазваляе падлетку не шу­каць новых рашэнняў у стандартных сітуацыях, а паво­дзіць сябе аўтаматычна, у адпаведнасці з тымі шаблонамі, якія з’яўляюцца прымальнымі для пэўнага асяроддзя. Сямейныя традыцыі, такія, напрыклад, як прыём гасцей, у найбольшай ступені звязаны з нормамі і пэўнымі ўзорамі.  

Немагчымасць ажыццяўлення пазітыўнай сацыяльнай ролі вымушае падлетка шукаць шляхі для рэалізацыі сваёй патрэбы ў развіцці. У выніку адбываецца сыход з сям’і ці з навучальнай установы, дзе немагчыма рэалізаваць унутраныя рэсурсы і задаволіць патрэбы для развіцця.

Што тычыцца нестандартных сітуацый, то яны рэгулююцца пры дапамозе норм-прынцыпаў, якія вызначаюць каштоўнасную накіраванасць дзеянняў дзіцяці і ўсіх членаў сям’і. Нарматыўнае ўздзеянне ў сям’і прымаецца падлеткам, каб захаваць міжасобасны статус і атрымаць адабрэнне іншых членаў сям’і. Але гэта не азначае, што падлетак ва ўсіх выпадках абавязкова падзяляе тыя меркаванні, якія чуе і прымае. У сям’і закладваецца ўменне хутка пераключацца са свайго на чужое і наадварот. Усе, хто жыве ў сям’і, знаходзяцца ў пастаяннай узаемазалежнас­ці. Менавіта таму любое змяненне паводзін аднаго з іх выклікае змяненні ў паводзінах астатніх. Напрыклад, у дзяцінстве чалавек яшчэ не ў стане зразумець, што ён стаў ахвярай аб’юзера. У дарослым узросце зразумець гэта не толькі можна, але і трэба, каб адчуць сваю незалежнасць і пачаць жыць поўным жыццём.

— Як на сацыялізацыю падлеткаў уплываюць дысцыплінарныя правілы, што вызначаюцца мамай ці татам?

— Не трэба забываць, што працэс сацыялізацыі ў падлеткавым узросце набывае асабліва вострыя формы. Бацькоўскія патрабаванні і дысцыплінарнае ­ўздзеянне моцна адбіваюцца на сацыялізацыі дзіцяці. У першую чаргу гэта праяўляецца ў імкненні непаўналетняга вызваліцца ад бацькоўскай апекі ў падлеткавым узросце. Сем’і, для якіх характэрны найбольш глыбокія дэфекты сацыялізацыі, міма­волі праваку­юць дзяцей, падлеткаў (дзеці аб’юзераў і падлеткі, якія знахо­дзяцца ў сузалежных адносінах) на ранняе ўжыванне псіхаактыўных рэчываў, гульняманію, здзяйсненне правапарушэнняў.

Тым не менш асаблівую шкоду развіццю асобы дзіцяці, падлетка ў прыватнасці, наносяць частыя фізічныя пакаранні. Псіхалагічна гэтая шкода заключаецца ў наступным. Напрыклад, бацькі або тыя, хто выконвае іх ролю, сістэматычна караюць дзіця ці падлетка фізічна, выступаюць для яго ў якасці анты­ідэала. Падлетак ніколі не будзе паважаць такіх бацькоў, браць з іх прыклад. Менавіта гэта з’яўляецца прычынай, па якой у дзіцяці затрымліваецца фарміраванне ідэальнага “Я”.

Частыя фізічныя пакаранні выклікаюць у дзіцяці ці падлетка стан фрустрацыі. У яго назапашваецца крыўда, раздражняльнасць, ­злосць. Усё гэта ён пераносіць на тых людзей, якія знаходзяцца побач. Перш за ўсё — на аднагодкаў. Як вынік, гэта прыводзіць да развіцця агрэсіўных паводзін ва ўсіх сітуацыях.

Частае фізічнае пакаранне наносіць шкоду самаацэнцы асобы дзіцяці, яго лёгка раніць. Увогуле, сістэматычнае фізічнае пакаранне ў раннім дзяцінстве можа прывесці да страты спагадлівасці, здольнасці спачуваць і суперажы­ваць іншым людзям. У адносінах да баць­коў часта выпрацоўваецца негатыў, які перарастае ў варо­жасць. Такім чынам, адносіны ў няшчаснай, дысфункцыянальнай сям’і ўплываюць на ўсе сферы жыццядзейнасці дзіцяці: зніжаецца вучэбная паспяховасць, вулічная кампанія замяняе бацькоўскі аўтарытэт — у ёй дзіця атрымлівае прызнанне. Усё гэта прыводзіць да сацыяльнай і педагагічнай занядбанасці дзіцяці, затрымкі псіхічнага развіцця і псіхічных адхіленняў. У выніку дзіця пачынае ўжываць псіхаактыўныя рэчывы, здзяйсняе правапарушэнні.

— Што з’яўляецца асноўным матывам паводзін дзяцей, схільных да адыктыўных паводзін?  

— Асноўным матывам з’яўляецца жаданне збегчы ад невыноснай рэальнасці. Але часцей сустракаюцца ўнутраныя прычыны, такія як перажыванне няўдач у школе і канфлікты з бацькамі, настаўнікамі, аднагодкамі, пачуццё адзіноты, страта сэнсу жыцця, думкі аб незапатрабаванасці ў будучыні і інш. Ад усяго гэтага хочацца ўцячы, заглушыць і змяніць свой псіхічны стан, нават калі толькі часова, але ў лепшы бок. Асабістае жыццё, вучэбная дзейнасць і навакольнае асяроддзе разглядаюцца такімі дзецьмі  часцей за ўсё як шэрыя, сумныя, манатонныя, апатычныя. Ім не ўдаецца знайсці ў рэальнасці якія-небудзь сферы дзейнасці, здольныя прыцяг­нуць іх увагу, захапіць, абрадаваць, выклікаць эмацыянальную рэакцыю. Толькі пасля ўжывання псіхаактыўных рэчываў яны дасягаюць пачуцця ўзнятасці без рэальнага паляпшэння сітуацыі. Яны ў групе, яны прынятыя, іх зразумелі. Пасля гэтага сітуацыя ў сям’і, школе, з аднакласнікамі становіцца яшчэ больш невыноснай, канфліктнай. Так узнікае ўсё большая залеж­насць і аддаленасць ад рэчаіснасці.

Пазбавіцца бацькоўскай апекі — гэта ўніверсальная мэта малалецтва. Сям’я паступова страчвае сваю прывабнасць і прыцягальнасць у параўнанні з групай аднагодкаў.

Такім чынам, адыктыўнаму падлетку страшна перад што­дзённым, напоўненым абавязацельствамі і рэгламентамі сумным жыццём. Яму хочацца знайсці эмацыянальныя перажыванні нават за кошт сур’ёзнай рызыкі для жыцця і няздольнасці быць адказным за свае ўчынкі. Школьная бессэнсоўнасць, рэзкае зніжэнне паспяховасці, школьная дэзадаптацыя, якія спрыяюць ужыванню псіхаактыўных рэчываў, павінны насцяро­жыць і бацькоў, і педагогаў і навесці на думку аб ужыванні падлеткам псіхаактыўных рэчываў.

— Якой павінна быць своечасовая дапамога адыктыўным падлеткам? Ад чаго зале­жыць яе эфектыўнасць? 

— Я ўпэўнена, каб эфектыўна дапамагаць падлеткам на шляху самаразвіцця, неабходна ўліч­ваць іх гендарныя асаблівасці. Адрозненні паміж падлеткамі — дзяўчынкамі і хлопчыкамі —  прасочваюцца даволі выразна. Дзяўчынкі больш эмацыянальныя, схільныя да зрываў, дэпрэсій. Яны часта прад’яўляюць да сябе завышаныя патрабаванні, самаацэнка ў іх ніжэйшая, чым у хлопчыкаў. Дзяўчынкам-падлеткам патрабуецца ўвага бацькоў, сяброў, педагогаў, а таксама можа спатрэбіцца дапамога псіхолага. 

Вельмі важна своечасова пра­аналізаваць і выявіць прычыну праблемы, каб не дапусціць больш цяжкіх наступстваў, у тым ліку ўжывання псіхаактыўных рэчываў і праяўлення суіцыдальных станаў. Дзяўчынкі трапляюць у групу рызыкі не толькі таму, што, як і хлопчыкі, знаходзяцца ў пубертатным узросце. Але яшчэ і таму, што схільны да прэсінгу гендарных стэрэатыпаў, установак традыцыйнай культуры і ўплыву агрэсіўнай рэкламы. Дзяўчынкі часта імкнуцца адпавядаць гламурнаму ідэалу, быць папулярнымі ў падлеткавым асяроддзі, нават калі гэта наносіць шкоду здароўю, як псіхалагічнаму, так і фізічнаму. 

Для вырашэння гэтай праблемы трэба працаваць у напрамку іх асобаснага росту і прафілактыкі рызыкоўных паводзін.

— Ганна Мікалаеўна, якая прафілактыка будзе больш дзейснай — тая, што засяро­джана адразу на ўсёй сям’і, ці тая, што адрасуецца дзецям і дарослым асобна? 

— Безумоўна, меры прафілактыкі, якія засяроджаны на сям’і ў цэлым, маюць большы эфект, чым тыя, што накіраваны толькі на дзяцей ці толькі на бацькоў. Праграма па прафілактыцы павінна быць даўгачаснай, з элементамі паўтарэння і пераемнасці ад адной узроставай групы да іншай.

Праграмы па прафілактыцы для падлеткаў павінны быць разнастайнымі і цікавымі і грунтавацца не столькі на дыдактычных метадах, колькі на інтэрактыўных прыёмах: дыялогах, групавых дыскусіях, трэнінгах і г.д.

Праграма прафілактыкі павінна ўключаць работу з бацькамі або аўтарытэтнымі дарослымі, якія могуць дапамагчы дзецям. У некаторых выпадках у праграме павінны быць улічаны мерапрыемствы па аказанні псіхалагічнай дапамогі самім бацькам. 

Што тычыцца ўстаноў адукацыі, то праграмы прафілактыкі ў іх таксама могуць быць паспяхова рэалізаваны. Асаблівую ўвагу варта ўдзяляць непаўналетнім з адыктыўнымі формамі паводзін, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Каб дапамога мела большы эфект, неабходна аб’яднаць намаганні кампетэнтных органаў. Сумесная работа павінна быць накіравана на вызначэнне групы рызыкі сярод дзяцей з праб­лемамі паводзін і нізкай паспяховасцю. Чым вышэйшы ўзровень рызыкі для непаўналетніх, тым больш інтэнсіўнай павінна быць сумесная дзейнасць па прафілактыцы. Праграма па прафілактыцы павінна ўлічваць сацыяльна-псіхалагічныя, узроставыя асаблівасці дзіцяці і інш.

Наталля САХНО.
Фота Сяргея ГРЫШКЕВІЧА.